«Таямніца Пасхі нагадвае нам аб перамозе святла, дабра і жыцця», — піша ў віншавальным слове на Вялікдзень 2021 года біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста»
(1 П 1, 3)
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды уваскрос! Аллелюя!
Гэтае хрысціянскае пасхальнае прывітанне выражае вялікую радасць і надзею кожнага веруючага чалавека. Яго ўвасабленнем з’яўляецца паўсталы з мёртвых Сын Божы — Збавіцель свету.
З нагоды святкавання Хрыстовага Уваскрасення складаю сардэчныя пажаданні радасці жыцця, нязломнай надзеі і бясконцай моцы ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць перад намі Божы Провід. Зычу няспыннага досведу прысутнасці Змёртвыхпаўсталага Хрыста ў кожнай справе і кожным спатканні.
Вялікдзень адкрывае перад намі таямніцу Божай Міласэрнасці. Яна дазваляе спазнаваць паўнату ласкі, якая — па словах Папы Францішка — «можа перамяніць сэрца чалавека і ўчыніць яго здольным да вялікіх справаў».
Таямніца Пасхі нагадвае нам аб перамозе святла, дабра і жыцця.
Жадаю кожнаму з Вас моцнага здароўя душы і цела, пасхальнага аптымізму ў кожнай справе і ў кожным спатканні. Няхай святкаванне Вялікадня дапаможа набрацца новых сілаў да пераадолення ўсялякіх цяжкасцяў і напоўніць нязломным даверам да Божай Моцы і Мудрасці, дзякуючы якой можам адважна глядзець у будучыню.
З велікоднымі віншаваннямі і пасхальным благаслаўленнем
+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі
Пінск, Вялікдзень 2021 г.