Пошук

04.04.2021 08:42   Catholicnews.by

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае»

Ян 3, 16

Свята Пасхі мае свой пачатак у гісторыі вызвалення абранага Богам народа з егіпецкай няволі. Пасха, перажытая Езусам Хрыстом, распачала новую гісторыю — гісторыю вызвалення ўсяго свету з няволі граху і смерці. Гэтая гісторыя праходзіць праз жыццё кожнага з нас і дакранаецца да самай глыбіні душы і сэрца чалавека. На яе можна заплюснуць вочы, але тады мы становімся падобнымі да фараона, які, ігнаруючы папярэджанні Майсея, наклікаў на сябе і свой народ бедствы.

Але можна падобна да габрэяў у Егіпце, якія ў Пасхальную ноч пазначылі дзверы сваіх дамоў крывёй ягняці, і нам прыняць удзел у збаўчай Ахвяры Божага Сына, акрапляючы сваё сэрца Крывёю Хрыста і ратуючы сябе такім чынам ад вечнага пакарання.

Так дзейнічае міласэрная любоў уваскрослага Збаўцы.

Яна ніколі не нараджала рэвалюцый і не прэтэндавала на месца ў палітычным істэблішменце, але заўсёды закладала трывалы падмурак цывілізаванага развіцця чалавецтва. Прынятая як узор да наследавання, яна не толькі адкрывае нам браму ў вечнае жыццё, але перадусім робіць нас здольнымі годна прайсці свой зямны шлях.

Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс. Сёння нам патрэбная вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню і каб з любоўю будаваць нашую сучаснасць. Менавіта з любоўю, бо толькі яна здольная навучыць чалавека размаўляць і прабачаць, быць спагадлівым і разумець патрэбы бліжніх, радавацца і спачуваць, як гэта рабіў Хрыстус. А Ён перамог гэты свет: свет які часта быў варожа настаўлены да Яго. Перамог праз свой Крыж і Уваскрасенне. Перамог, не прыніжаючы сваіх апанентаў да зямлі, але ўздымаючы чалавека з бруду граху і смерці, вяртаючы яму годнасць Божага сыноўства.

Паспрабуйма ісці гэтым шляхам Хрыста — цярністым і вузкім, але пэўным і пераможным! Шляхам, напрыканцы якога ззяе хвала Уваскрослага Збаўцы.

І няхай яна асвячае кожнае вашае сэрца, кожны ваш дом і нашую родную беларускую зямлю — «зямлю пад белымі крыламі»!

Здароўя і Божага благаслаўлення! Хрыстус уваскрос! Са святам!

+Алег Буткевіч
біскуп Віцебскі

Абноўлена 03.05.2021 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.