Пошук

02.04.2021 14:58   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Уладзіслаў Андрыйчук, кс. Юрый Марціновіч / Catholic.by

У Вялікі чацвер 1 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы), а дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі тым часам узначаліў цэлебрацыю ў катэдры горада на Нёмане.

Як паведамляе Grodnensis.by, вернікі мікрараёна Паўднёвы сабраліся на Імшы, каб разам са сваім пастырам дзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. Таму на яе пачатку дзеці і дарослыя выказалі віншаванні біскупу і святарам, якія служаць у гэтай парафіі, жадаючы, каб яны кожны дзень чэрпалі радасць са святарскага служэння і абвяшчэння Слова жыцця.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі нагадаў словы пісьменніка Генрыха Сянкевіча, што паўстаюць і гінуць дзяржавы, распачынаюцца і заканчваюцца войны, нараджаюцца і паміраюць людзі, а Пан Езус застаецца: Ён заўсёды з намі ў белай Гостыі.

«Гэты белы хлеб сёння гэтак жа, як і тады, дзве тысячы гадоў таму, здольны наталіць найбольшы голад чалавечага сэрца», — дадаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што Хрыстус не мог знайсці лепшага спосабу, каб быць заўжды прысутным сярод свайго народа.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуў увагу на тое, што, каб мы маглі лепш зразумець таямніцу Эўхарыстыі, літургія Касцёла прапануе ў гэты дзень для разважання апісанне Апошняй Вячэры паводле святога Яна Евангеліста, які, будучы адным з непасрэдных сведкаў тых падзей, піша пра тое, як Пан Езус пасля заканчэння вячэры абмыў ногі сваім вучням.

Па словах іерарха, евангеліст піша пра тое, што з’яўляецца найважнейшым, а адначасова найбольш цяжкім для прымання: «Пан Езус устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падпяразаны” (пар. Ян 13, 4–5).

«Евангеліст такім чынам хацеў сказаць, на чым засноўваецца найглыбейшы сэнс Эўхарыстыі, яе найвялікшая таямніца.

У гэтым жэсце Езуса схавана ўсё. Абмыванне ног — гэта сімвал служэння, а сапраўднае, бескарыслівае, шчырае і ахвярнае служэнне там, дзе любоў», — патлумачыў біскуп.

Ён заахвоціў вернікаў нанава адкрываць вялікую праўду пра любоў Бога да чалавека; пра тое, што мы любімыя Богам без умоваў і без межаў.

Іерарх пажадаў вернікам, каб яны пачулі ў Вялікі чацвер пасланне аб Божай любові і каб яно звярталася да кожнага сваёй моцай, узрушыла думкі і сэрцы і дапамагло жыць так, каб мы ніколі не сумняваліся ў любові.

Тым часам, як інфармуе Grodnensis.by, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася Імша Вячэры Пана, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп зазначыў, што кожны год, удзельнічаючы ў Імшы Вячэры Пана, мы адкрываем заслону таго, што здзейснілася ў Вячэрніку — памяць пра ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства.

Таксама іерарх нагадаў, што праз некалькі дзён будзе адзначацца 30-годдзе з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Біскуп Станеўскі падкрэсліў пры гэтым, што ў святыні, якая стала катэдрай новай дыяцэзіі, было пасвячана шмат святароў, якія з вялікай адданасцю служаць у мясцовым Касцёле, а з боку вернікаў заўсёды маюць патрэбу ў падтрымцы і малітве.

Па словах іерарха, Імша Вячэры Пана — напамін пра любоў, якою Езус палюбіў людзей ажно да смерці. Ён дадаў, што любоў Бога набліжаецца да чалавека і здольная прынесці сябе ў ахвяру, каб чалавек меў жыццё.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што любоў Хрыста бязмежная, міласэрная.

«У Вячэрніку і пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: „Супакой вам“.

Як жа прагне гэтага сучасны свет: супакою і згоды, разумення і прабачэння, бо мы ведаем, што нясе з сабой неспакой і здрада, асабліва жудасць вайны», — заўважыў біскуп Станеўскі.

Абноўлена 02.04.2021 22:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця