Пошук

04.04.2021 05:00   Catholic.by
Уваскрасенне Хрыста. Фрэска з Сікстынскай капэлы. Мастакі: Гірландаё і Гендрык ван дэн Брук / https://commons.wikimedia.org

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Збаўцы!

Хрыстус уваскрос! Аллелюя!

У тую пасхальную раніцу здарылася нешта незвычайнае, новае і адначасова вельмі важнае. Яно было адзначана вельмі дакладнымі знакамі і пацверджана шматлікімі сведкамі. Магіла пустая і Езус сапраўды з’явіўся. Смерць пераможаная: ужо ніхто і нішто не можа нас аддзяліць ад Хрыста.

«Ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (пар. Рым 8, 38–39).

Як кажа сам Хрыстус: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18).

У нашым асабістым і грамадскім жыцці ёсць моманты, калі прыходзіць час «крыжа і пакут», калі даводзіцца перажываць цемру ночы і адсутнасць надзеі. Няхай у гэтыя моманты наш позірк скіроўваецца на адвалены ад магілы камень і пустую грабніцу Езуса. Толькі крыж не можа растлумачыць хрысціянскай веры: больш за тое, ён застаўся б трагедыяй, праяваю абсурднасці быцця.

«Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная <…>, і вы далей у грахах вашых» (1 Кар 15, 14. 17).

Найцудоўнейшая і найважнейшая навіна ў гісторыі — гэта навіна пасхальнай таямніцы, якая заключаецца ў тым, што ўкрыжаваны Езус «уваскрос на трэці дзень паводле Пісання» (1 Кар 15, 4).

Апостал Павел гаворыць: «Мы памерлі з Хрыстом» і «верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8–9).

Няхай жа гэтая навіна напаўняе вашыя сэрцы радасцю не толькі у святочны час Вялікадня. Няхай суправаджае вас заўсёды і ўсюды. Няхай супакойвае сэрца, дае надзею, умацоўвае веру і распальвае штораз нанава любоў Божую.

Няхай з паўнаты сэрцаў, якія вераць у Хрыста і ў веры «дакранаюцца» да Уваскрослага, вусны вызнаюць гэтую вялікую праўду Уваскрасення, а жыццё кожнага хрысціяніна няхай стане яе сведчаннем у наш час страты духоўных арыенціраў. Няхай праўда Крыжа і ўваскрасення стане бачнаю ў нашай бацькаўшчыне і ва ўсім свеце.

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз доктар Аляксандр Улас і супрацоўнікі

Абноўлена 04.04.2021 06:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа