1 красавіка, у Вялікі чацвер, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава цэлебрацыю святой Імшы Хрызма ўзначаліў біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У літургіі ўзялі ўдзел святары магілёўскай часткі архідыяцэзіі, кансэкраваныя асобы і вернікі.
На пачатку іерарх павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства. «Я цешуся прысутнасці маіх сабратоў у святарстве, якія прыбылі з парафій Магілёўшчыны на літургію благаслаўлення святога алею, якая цесна звязана са служэннем святара. Наш Пан Езус Хрыстус пажадаў, каб былі святары, якім Ён даручыў асвячэнне вернікаў праз цэлебрацыю Эўхарыстыі і сакрамэнтаў», — адзначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, звяртаючыся да душпастыраў, якія кожны дзень падыходзяць да алтара, каб складаць ахвяру Пана.
«Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам усіх сакрамэнтаў, крыніцай і ззяннем ласкі,— падкрэсліў іерарх у гаміліі. — Некаторыя сакрамэнты рыхтуюць да Эўхарыстыі, а іншыя з’яўляюцца ў пэўным сэнсе яе вынікам. І менавіта ў рукі святара Езус уклаў гэтыя скарбы».
Як дадаў біскуп, для святара гэта гонар і адначасова адказнасць, бо штодзённая цэлебрацыя сакрамэнтаў і Эўхарыстыі можа суправаджацца досведам «цёмнай ночы», калі знікае запал, і вера перастае быць гарачай.
«Сакрамэнты былі ўстаноўлены для людзей. Таму трэба іх удзяляць як мага больш, раздаваць, — працягваў іерарх. — Роля святара заключаецца ў тым, каб для атрымання ласкі сакрамэнтаў добра падрыхтаваць душу — сваю і вернікаў. <…> Мы павінны адарвацца ад прамінальных дабротаў гэтага свету, каб быць здольнымі прывязацца да Бога».
На заканчэнне гаміліі іерарх заахвоціў святароў у прыгожае свята Вялікага чацвярга адрадзіць веру ў скарб, які Езус уклаў у святарскія рукі праз сакрамэнт пасвячэння.
«Просім Марыю, Маці ўсіх ласкаў, каб яна ўсцяж дапамагала нам спасцігаць глыбіню ўстаноўленых Езусам сакрамэнтаў, каб асвячацца самім і асвячаць нашых вернікаў», — маліўся біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну.
Падчас Імшы адбылося благаслаўленне алею хворых, катэхумэнаў і кансэкрацыя алею хрызма.
На заканчэнне Імшы вернікі павіншавалі прысутных святароў і біскупа Аляксандра з іх святам.