Пошук

27.03.2021 20:08   Catholic.by

25–27 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў іўеўскай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла.

Першы дзень рэкалекцый супаў з урачыстасцю Звеставання Пана. Кіруючыся зместам Евангелля гэтага дня, арцыпастыр паслядоўна засяродзіўся на трох праблемах сучаснага чалавека і свету: згода з Божай воляй, жыццё ў стане Божай ласкі, гатоўнасць без страху прыняць Божую прапанову.

«Згода Марыі з Божай воляй стала пачаткам практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення чалавецтва. Імкненне да змены жыцця ў духоўным плане адкрывае шлях да Божай ласкі, неабходнай для збаўлення. А заклік не баяцца прыняць Божую прапанову з’яўляецца ўмовай нашага духоўнага і грамадскага ўдасканалення, — патлумачыў іерарх. — Гэтымі трыма прынцыпамі кіравалася Марыя падчас звеставання ў Назарэце. І мы павінны браць прыклад з Марыі — нашай духоўнай Маці і настаўніцы».

Іерарх разам з вернікамі памаліўся таксама аб захаванні Божага дару жыцця, якое ў нашай краіне знаходзіцца пад пагрозай: штогод у Беларусі робіцца 25 тысяч абортаў.

«Гэта не што іншае, як генацыд нашага народа, які здзяйсняецца рукамі таго ж самога народа», — сцвердзіў арцыпастыр.

У гэты дзень у іўеўскай парафіі маліліся таксама за Беларусь.

Арцыбіскуп Тадэвуш заклікаў вернікаў прыслухацца да закліка святога Яна Паўла ІІ адчыніць дзверы Хрысту і Яго вучэнню, каб Ён прысутнічаў у жыцці беларускага грамадства, бо толькі ў Езусе можна знайсці шлях да вырашэння існуючых праблем.

«Беларусь, не бойся адчыніць дзверы Хрысту, прымі Яго! Ён нічога не забірае, толькі адорвае сваёю ласкай і супакоем, што так патрэбна нашай Бацькаўшчыне», — маліўся арцыбіскуп Тадэвуш.

«Як хвароба стымулюе нас пайсці да лекара, атрымаць параду і рэцэпт для аздараўлення, так і крызіс, які мы перажываем, павінен стаць заклікам да пошуку парады і рацэпту ў духоўнага лекара, якім з’яўляецца Езус, каб аднавіць наша рэлігійнае жыццё, без якога з’яўляецца немагчымым грамадскае аднаўленне», — упэўнены іерарх.

Другі дзень рэкалекцый быў прысвечаны тэме навяртання. Нагадаўшы заклік Езуса «навяртайцеся і верце ў Евангелле», арцыбіскуп падкрэсліў значэнне сакрамэнту пакаяння, дзякуючы якому хрысціянін вяртаецца ў стан святыні Духа Святога.

«Мы створаны на вобраз і падабенства Божае і ў сакрамэнце пакаяння аднаўляем яго», — патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У гэты ж дзень адбылася літургія слова з навукай для дзяцей і набажэнства Крыжовага шляху з разважаннямі для маленькіх вернікаў. Іерарх пажадаў дзецям браць прыклад з Езуса, які быў паслухмяны Марыі і Юзафу, узрастаў у гадах, у мудрасці і ў ласцы ў Бога і людзей.

Трэці дзень рэкалекцый быў прысвечаны малітве і Эўхарыстыі. Арцыбіскуп параўнаў малітву з паветрам: «Як паветра патрэбна для фізічнага існавання, так і малітва — для духоўнага. Эўхарыстая з’яўляецца вяршыняй літургічнага жыцця і найбольш дасканалай малітвай падзякі, а таксама хлебам вечнага жыцця».

Іерарх заклікаў вернікаў цаніць дар Эўхарыстыі і карыстацца ім як мага часцей:

«Як вучні з Эмаўса пазналі Езуса падчас Эўхарыстыі, так і мы, калі губляем веру, павінны карміцца Эўхарыстыяй».

Рэкалекцыяніст заахвоціў прысутных маліцца да Маці Божай, якая, «будучы і нашай духоўнай Маці, ніколі не адмовіць і прывядзе да свайго Сына». Іерарх таксама нагадаў пра магутнае заступніцтва маўклікавага і вельмі пакорнага святога Юзафа, які ў гэтым годзе абвешчаны заступнікам паўсюднага Касцёла.

Трэці дзень рэкалекцый іерарх прысвяціў моладзі. Для яе арцыбіскуп Тадэвуш прамовіў гамілію, разам з ёю памаліўся набажэнства Крыжовага шляху. У сваім слове да маладых людзей рэкалекцыяніст звярнуў увагу на праблему захавання веры ў час секулярызму і маральнага рэлятывізму, калі чалавек жыве так, як быццам Бог не існуе. «Але трэба жыць малітвай, асабліва Эўхарыстыяй, і быць жывым сведкам Евангелля, — заклікаў іерарх прысутную моладзь. — Як казаў Папа Францішак, не будзьце маладымі пенсіянерамі і людзьмі канапы, устаньце і нясіце Евангелле іншым людзям».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця