Пошук

22.02.2021 11:56   Catholic.by

21 лютага Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец ОР прыбыў з пастырскім візітам на Магілёўшчыну.

Візіт распачаўся з дамініканскай парафіі Святога Казіміра і святой Ядвігі, дзе служаць сабраты іерарха. Прасля прывітальных словаў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці, іерарх звярнуўся з пастырскім словам да вернікаў.

Біскуп Велікаселец нагадаў пра значэнне і моц малітвы і жыццё паводле веры.

Узгадваючы выказванні вядомых людзей пра існаванне Бога  і прыводзячы апалагетычныя доказы Яго існавання біскуп Казімір заахвоціў не паддавацца спакусе жыць без Бога, а падчас Вялікага посту яшчэ больш наблізіцца да Яго.

Пастырскі візіт іерарха працягнуўся ў старажытнай магілёўскай катэдры, дзе біскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і маліўся за ўсю архідыяцэзію, выпрошваючы неабходныя дары для Магілёўшчыны.

У казанні Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуў увагу на важнасць пазнання Бога ў жыцці кожнага чалавека і заахвоціў прысутных паразважаць пра шляхі гэтага пазнання, а таксама пра плады, якія прыносіць жыццё, напоўненае верай у Бога.

Жадаючы плённага перажывання Вялікага посту біскуп Велікаселец заклікаў наследаваць Езуса, які не вёў дыскусій са злым духам, а кожны раз моцай Божага Слова перамагаў яго.

У гэты ж дзень іерарх наведаў парафію Святога Антонія Падуанскага, якой апякуюцца айцы клярэтыны, пазнаёміўся з душпастырамі і ходам будаўніцтва новага касцёла.

Візіт Апостальскага адміністратара на Магілёўшчыну працягнецца да 23 лютага.

22 лютага іерарх у суправаджэнні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB сустрэнецца са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам, старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Уладзімірам Цумарэвым і іншымі прадстаўнікамі мясцовай улады.

У гэты ж дзень іерарх наведае каталіцкія парафіі ў Горках, Шклове і Бялынічах.

23 лютага біскуп Казімір Велікаселец правядзе пастырскую сустрэчу духавенства і кансэкраваных асоб магілёўскага рэгіёну, якая пройдзе ў старажытнай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Абноўлена 22.02.2021 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.