Пошук

17.02.2021 12:09   Catholic.by
Архіўнае фота

«Абрад пасыпання галоваў попелам на пачатку літургічнага перыяду Вялікага посту нагадвае пра тое, што жыццё чалавека на гэтым свеце часовае і хутка прамінае», — напісаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.

У сваім слове на пачатак Вялікага посту іерарх прыводзіць заклікі, якія вернік чуе ад святара падчас пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду: «Памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся» або «Кайцеся і верце ў Евангелле».

Першы заклік, як тлумачыць біскуп Касабуцкі, «заахвочвае нас звярнуць увагу на справы вечнага жыцця і духоўныя каштоўнасці, якія нярэдка ў штодзённым віхуры шматлікіх спраў, заняткаў, перажыванняў і клопатаў мы забываем».

Другая форма закліку пры пасыпанні галоваў попелам нагадвае пра неабходнасць знайсці «час, каб зрабіць рахунак сумлення, задумацца над сваім жыццём, сваімі ўчынкамі, адказаць самому сабе на пытанне, што ў маім жыцці было дрэнна, якія я раблю памылкі, можа, я кагосьці пакрыўдзіў, зразумець сваю слабасць і ўсвядоміць свае грахі».

Як сцвярджае іерарх, час Вялікага посту з'яўляецца часам «змагання са сваімі недахопамі і слабасцямі, якое бывае нялёгкім», таму на пачатку гэтага перыяду Касцёл заклікае рабіць пастановы ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і станам здароўя.

«На пачатку Вялікага посту хачу пажадаць усім нам плённай працы над духоўным ростам, каб кожны з нас зрабіў хоць маленькі, але крок наперад, крок да міласэрнага і любячага нас Бога, — пажадаў біскуп Касабуцкі і заахвоціў маліцца за Беларусь. —

Асабліва ў гэты час заахвочваю маліцца за нашу Бацькаўшчыну і наш народ, ахвяроўваць свае велікапосныя практыкі і малітвы за тых, хто церпіць пераслед і каму найбольш патрэбная Божая дапамога».«Няхай Хрыстус шчодра нам благаслаўляе і дапамагае ў гэтай добрай справе, а Багародзіца Марыя атуляе плашчом сваёй апекі, каб радасць святкавання Уваскрасення Пана была для нас поўнай», — заключыў іерарх.

Абноўлена 17.02.2021 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця