Біскуп Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2021 ГОДА
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі дыяцэзіі!
Сёння мы перажываем першую нядзелю Вялікага посту, які з’яўляецца асаблівым часам ласкі і навяртання. У Папяльцовую сераду мы прынялі на галовы попел як знак пакаяння і жалю за грахі, сімвал перамянення зямнога жыцця, напамін пра неабходнасць паяднання з Богам і аднаўлення нашага сэрца.
Перад намі сорак дзён духоўнай падрыхтоўкі да велікодных святаў.
Яны нагадваюць пра сорак дзён, якія Пан Езус правёў у пустыні, перш чым распачаў сваю публічную дзейнасць. Сыну Божаму, безумоўна, патрабаваўся гэты час малітвы і цішыні, самаабмежавання i посту, прабывання сам-насам з Айцом Нябесным і разважання ў сваім сэрцы над Яго словам.
Знаходжанне ў пустыні было для Пана Езуса таксама часам выпрабавання, досведам спакушэння сатаною. У гэтым паядынку з сатаною наш Збаўца атрымаў перамогу: не даў сябе ашукаць «бацьку хлусні» (пар. Ян 8, 44), не дазволіў сабой маніпуляваць, не адвярнуўся ад Бога і не засумняваўся ў Яго айцоўскай любові. Рашуча застаючыся з Богам, захоўваючы вернасць Яго слову і не згаджаючыся ні на які кампраміс са злом, Сын Божы не толькі ўпэўнена супрацьстаяў падманным нападам спакусніка, але і выйшаў з гэтага выпрабавання духоўна ўмацаваным, загартаваным, гатовым да канчатковага пераможнага змагання з ворагам праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне.
І хоць пасхальная таямніца Збаўцы — гэта Яго канчатковая перамога над сатаной, мы, вызнаўцы Хрыста, у час нашага зямнога пілігрымавання пастаянна зведваем спакусы і духоўныя засады ворага нашага збаўлення.
Не заўсёды мы здольныя разгледзець зло і даць яму паспяховы адпор, не заўсёды ўмеем распазнаць і выбраць сапраўднае дабро, часта з прыкрасцю ўсведамляем уласную слабасць, нясталасць і схільнасць да граху.
Таму сёння, на пачатку Вялікага посту, чуем з вуснаў Хрыста той самы заклік, які Ён скіраваў калісьці да жыхароў Галілеі: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15).
Прыйсце Збаўцы ў свет утварае «паўнату часу», з’яўляецца пачаткам Божага Валадарства, да якога кожны з нас належыць моцай сакрамэнту хросту. Падобна як воды патопу сталі выратаваннем для Ноя і яго сям’і, так у вадзе святога хросту мы былі збаўлены ад вечнай смерці і сталі новым стварэннем — прынятымі дзецьмі Бога. Гэтая вялікая годнасць абавязвае нас да нястомнага прыняцця, кожны раз нанова, да высілку навяртання.
Перш за ўсё, нам трэба верыць у Евангелле — у Добрую Навіну пра Бога, «багатага на міласэрнасць» (пар. Эф 2, 4), які «не паслаў Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17). Мы павінны даверыцца Богу, найбольшае жаданне якога — адорваць нас сваёй міласэрнасцю і прабачэннем і які чакае ад нас, што мы адкрыем нашыя сэрцы, якія прагнуць дабра, на Яго збаўчую любоў. Гэтая бязмежная і безумоўная любоў Нябеснага Айца ўчыніць нас здольнымі станавіцца перад Панам Богам у праўдзе, каб з дапамогай Яго ласкі парваць з грахом, які нас аддаляе ад Бога і бліжніх, і стаць на шлях пакаяння, паяднання і прабачэння, які — хоць цяжкі і патрабавальны — вядзе да паўнаты жыцця і шчасця.
Навяртанне — гэта змена ўласнага мыслення, нястомнае імкненне «слухаць Бога больш, чым людзей» (пар. Дз 5, 29), гэта наш свядомы дазвол, каб Яго слова — найвышэйшая і вечная праўда — выхоўвала нашыя думкі, жаданні, словы і ўчынкі.
Гэтая вялікая і прыгожая духоўная задача стаіць перад намі ў Вялікім посце, які распачынаецца. Спадзяюся, што кожны з нас пражыве гэты час глыбока і плённа.
Няхай пандэмія каранавірусу і звязаныя з ёю абмежаванні не стануць перашкодай у адчуванні асаблівай атмасферы гэтага цудоўнага, вельмі нам патрэбнага часу ласкі.
Калі многія з нас па сур’ёзных прычынах карыстаюцца дыспенсай і абмяжоўваюць свой удзел у публічных набажэнствах, няхай сёлетні Вялікі пост стане нагодай адкрыць прыгажосць малітвы ў коле сям’і, у цішыні так званага «хатняга Касцёла». Праводзячы дома разам з блізкімі набажэнства Крыжовага шляху, спяваючы Песні жальбы ці пабожна ўдзельнічаючы ў святой Імшы праз інтэрнэт-трансляцыю, дазволім, каб велікапосны змест закрануў нашыя сэрцы, асвяціў думкі і падрыхтаваў нас унутрана да сустрэчы з Хрыстом Уваскрослым.
Не будзем забываць пра неабходнасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і аб прыняцці святой Камуніі. Будзем перажываць велікапосныя дні згодна з хрысціянскай традыцыяй — у цішыні і засяроджанні, у духу малітвы, міласціны і самаабмежавання.
Няхай указальнікам шляху ў велікапоснай вандроўцы будуць нам словы Святога Айца Францішка, які ў сёлетнім Пасланні на Вялікі пост нагадвае пра неабходнасць аднаўлення веры, надзеі і любові.
Вера, як падкрэслівае Папа, гэта адкрыццё сэрца на праўду, аб’яўленую ў Хрысце, прыняцце Бога ў нашае жыццё і дазвол Яму прабываць з намі. Вера заклікае і робіць нас здольнымі быць сведкамі перад Богам і перад нашымі братамі і сёстрамі.
Мець надзею, як піша Святы Айцец, азначае «верыць, што гісторыя не заканчваецца на нашых памылках, на нашым насіллі і несправядлівасці, а таксама на граху, які Любоў прыбівае да крыжа». Пан Бог ніколі не адмаўляе нам у паяднанні і прабачэнні, каб мы, у сваю чаргу, маглі стаць тымі, хто абвяшчае прабачэнне і дае бліжнім надзею.
Папа Францішак нагадвае, што любоў — гэта дар, які надае сэнс нашаму жыццю; гэта наследаванне Хрыста, які адорвае ўвагай і спачуваннем усіх, а асабліва церпячых, пакінутых і змучаных.
Толькі любоў здольная ацаніць годнасць кожнага чалавека, і толькі на цывілізацыі любові можна будаваць новы свет, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе выключаным.
Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, глыбокага, прыгожага, шчодрага на духоўныя плёны перажывання Вялікага посту. Няхай для кожнага з вас ён будзе часам навяртання, паяднання з Богам і ўзрастання ў Яго любові.
Запэўніваю вас усіх, дарагія браты і сёстры, у маёй малітве, ад усяго сэрца благаслаўляю і даручаю ваш велікапосны шлях веры клапатлівай апецы Марыі, Маці Міласэрнасці.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, № 13/21
Пастырскі ліст належыць прачытаць замест казання ў I нядзелю Вялікага посту 21 лютага падчас усіх св. Імшаў у касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі.