Пошук

04.02.2021 10:50   Тэкст: Андрэй Юхнік / vdsgrodna.by / Фота: Павел Леановіч / vdsgrodna.by

2 лютага супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла свята Ахвяравання Пана.

На сайце сваёй Alma Mater vdsgrodna.by семінарысты адзначаюць, што гэтае свята нагадвае вернікам пра евангельскую падзею, якая адбылася калісьці ў Ерузалемскай святыні. Згодна з законам Майсея, кожная жанчына, якая нарадзіла дзіця, лічылася нячыстай, не мела магчымасці ўвайсці ў святыню і павінна была прайсці абрад ачышчэння, а ўсе першынцы павінны былі быць ахвяраваныя Богу як знак падзякі за выратаванне першынцаў падчас Зыходу з Егіпта.

Такі абрад прайшла і сям’я з Назарэта. Марыі і Юзафу належала прынесці ў ахвяру пару туркавак або двух галубкоў, што яны і зрабілі. Такім чынам Ерузалемская святыня стала месцам сустрэчы Бога з чалавецтвам, а ахвяраванне Езуса ў святыні — правобразам ахвяры, якую Ён прынёс Богу Айцу на крыжы.

Раніцай, устаўшы крыху пазней, чым звычайна, семінарысты сабраліся ў капліцы на супольнай Ютрані, тэксты якой у гэты дзень засяроджаны на падзеі ахвяравання Езуса ў святыні.

Правёўшы разважанне над урыўкам Евангелля, прызначаным на Ахвяраванне Пана, будучыя святары ўзялі ўдзел у святочнай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Канцэлебравалі святую Імшу ксёндз прэлат Ежы Лявінскі і выхавацелі семінарыі на чале з рэктарам ксяндзом Віталем Вайцяхоўскім.

Падчас Імшы ўся семінарыйная супольнасць малілася за кансэкраваных асобаў — тых, кто прысвяціў сваё служэнне Богу і Касцёлу, аб новых пакліканнях і развіцці кансэкраванага жыцця.

Абноўлена 04.02.2021 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.