Пошук

03.02.2021 15:21   Паводле: sdb.by / Catholic.by

31 студзеня салезіянская сям’я ва ўсім свеце адзначае ўспамін свайго заснавальніка святога Яна Боско. Святочныя мерапрыемствы адбыліся і ў беларускіх парафіях, дзе нясуць служэнне паслядоўнікі італьянскага святога.

Як паведамляецца на сайце sdb.by, у Бараўлянах урачыстую святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, у мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, у Смаргоні — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У 2021 годзе салезіяне распачалі святкаванне стагоддзя сваёй прысутнасці ў Беларусі.

З гэтай нагоды напярэдадні ўспаміну св. Яна Боско ва ўсіх салезіянскіх парафiях адбылося набажэнства Транзітус — малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога з разважаннямі пра пераход душы ў Нябеснае Валадарства. Набажэнства такога тыпу бярэ свае карані з францішканскай традыцыі.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, сэрца якога заўсёды застаецца з салезіянамi, падчас гаміліі ўзгадаў ахвярнае жыццё святога, які праз усё жыццё наследаваў Езуса і не губляў ніводнай магчымасці зрабіць штосьці для збаўлення душ. Як дадаў іерарх, св. Ян Боско нават пасля смерці працягвае гэта рабіць праз сваіх духоўных сыноў і папераджальную сістэму выхавання.

«Будзем вучыцца прымаць маладых такімі, якімі яны ёсць, і, як святы Ян Боско, перамяняць іх у сапраўдных дзяцей Неба», — заклікаў біскуп салезіянін удзельнікаў літургіі.

Бараўлянскія парафіяне разам з біскупам Велікасельцам дзякавалі Богу за Яго дзеянне ў жыцці св. Яна Боско і ў спадчыне, якую працягваюць ажыццяўляць яго духоўныя сыны і дочкі. Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўказаў на важнасць пазнання Бога ў жыцці кожнага чалавека і заахвоціў прысутных паразважаць пра шляхі гэтага пазнання, а таксама пра плады, якія прыносіць жыццё, напоўненае верай у Бога.

Падчас набажэнства ў Смаргоні біскуп Станеўскі параўнаў вытаптаную ў снезе сцежку, якая дазваляе з меншымі намаганнямі дайсці да мэты, са служэннем св. Яна Боско, які праклаў шлях да сэрца маладога чалавека. Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы досведу і спадчыне свайго заснавальніка салезіяне могуць працягваць здабываць душы для Неба.

Па традыцыі, ва ўспамін святога Яна Боско свае абяцанні аднаўляюць салезіяне супрацоўнікі — трэцяя галіна салезіянскай сям’і.

У гэтым годзе да асацыяцыі далучыліся дзевяць новых асобаў — сем з бараўлянскай парафіі і дзве з мінскай. Новыя салезіяне супрацоўнікі прынеслі абяцанні жыць салезіянскай харызмай і ў духу святога Яна Боско, а таксама клапаціцца пра збаўленне маладых душ.

З прычыны пандэміі фармат традыцыйнага свята ў гэтым годзе быў незвычайны — Дон Боско шоў адбылося праз дадатак ZOOM. У ім удзельнічалі ўсе тры салезіянскія дамы Беларусі. Падчас анлайн-сустрэчы ўдзельнікі пачулі дэвіз салезіянскай сям’і на 2021 год — «Натхнёныя надзеяй». Да салезіянскай супольнасці Беларусі са словамі віншавання звярнуўся вікарый Генеральнага настаяцеля кс. Стэфано Мартольё SDB, які дваццаць гадоў таму наведваў Беларусь.

Напрыканцы анлайн-сустрэчы словы віншавання прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён звярнуў увагу на дэвіз і яго актуальнасць для беларускай салезіянскай сям’і:

«Складаецца ўражанне, што дэвіз — „натхнёныя надзеяй“ — быў абраны выключна для нас, бо так дакладна адпавядае кантэксту жыцця і дзейнасці салезіянскай сям’і на Беларусі сёння. Надзея — слова, якое нясе ў сабе надзвычайную моц і матывацыю», — падкрэсліў рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў.

Абноўлена 03.02.2021 17:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця