2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Ракаў, дзе разам з мясцовымі вернікамі і іх пробашчам ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам памаліўся ў касцёле Маці Божай Ружанцовай.
Святую Імшу ў гэты святочны дзень іерарх цэлебраваў у інтэнцыі падзякі за духоўную падтрымку і салідарнасць ракаўскіх вернікаў падчас яго чатырохмесячнага выгнання і за малітву аб хутчэйшым вяртанні на радзіму.
На пачатку Імшы адбылося традыцыйнае благаслаўленне грамнічных свечак.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на духоўнае значэнне свята Ахвяравання Пана, якое часам называюць «святам сустрэчы Старога Запавету з Новым».
«Сённяшняе свята — гэта таксама свята Божага святла, якое сімвалізуе святло грамнічных свечак», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён дадаў, што Езус стаў святлом для ўсіх народаў.
«Яго Евангелле — гэта сонца, якое ніколі не заходзіць у цемры грахоўнага свету. <…> Нягледзячы на супрацьстаянне сучаснага свету, мы, хрысціяне, павінны быць святлом Хрыста, якога сімвалізуе запаленая грамніца, каб гэтым святлом асвячаць іншых людзей.
Падчас грамадска-палітычнага крызісу, які перажывае наша радзіма, для паспяховага і мірнага вырашэння неабходна Божая дапамога», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, зазначыўшы, што Марыя ў далёкім 1917 годзе ў Фаціме прадказвала непазбежныя няшчасці, звязаныя з адыходам ад Бога, і заклікала да навяртання і малітвы. Іерарх з горыччу канстатаваў, што сёння менавіта адмаўленне ад Бога з’яўляецца першапрычынай шматлікіх праблем і крызсаў, у тым ліку і ў нашай краіне.
«Сёння наша грамадства і Касцёл нясе вельмі цяжкі крыж, ахвярамі якога стала шмат людзей. Аднак у такі складаны час нашай гісторыі неабходна памятаць, што крыж вядзе да ўваскрасення.
Не будзем жа баяцца крыжа нашай гісторыі. Панясем яго разам з Езусам, і тады Ён стане знакам новай надзеі, якой наш народ так чакае», — заклікаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Сваю гамілію ён традыцыйна завяршыў кароткай малітвай:
«Марыя, Божая Маці Грамнічная, выпрасі ў свайго Сына ласку, каб у грахоўнай цемры сучаснага свету мы былі светачамі Хрыста, які дае новую надзею, нават насуперак надзеі».