Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічаў у традыцыйным Калядным вечары Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла, які 22 студзеня прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Калядны вечар з’яўляецца штогадовым царкоўна-грамадскім мерапрыемствам і праводзіцца з 1999 года. Урачысты сход узначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які звярнуўся з прывітальным словам да арганізатараў і гасцей вечарыны.
Як паведаміў партал Беларускай Праваслаўнай Царквы Church.by, павіншаваўшы прысутных са светлымі святамі Нараджэння Хрыстова і Богаяўлення, уладыка Экзарх пажадаў усім прысутным суцяшэння і радасці ў гэтыя светлыя дні, натхнення на ўсё добрае і карыснае.
Каб святло Хрыстова прасвятляла кожнага, і, натхнёныя гэтым святлом, мы рабілі добрыя справы, ішлі шляхам збаўчым, знаходзячыся ў радасці Госпада.
На вечары прагучалі ўспаміны пра Мітрапаліта Філарэта, заснавальніка і першага старшыні Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. Мітрапаліт Веніямін згадаў, як шмат рабіў спачылы архіпастыр для таго, каб прывесці людзей да Бога, наколькі шматгранным было яго служэнне на ніве Хрыстовай.
Ад Каталіцкага Касцёла ўдзел у Калядным вечары ўзяў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны са спачылым кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Арцыбіскуп звярнуўся да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўных уладаў, свету навукі і культуры, а таксама ўсіх прысутных са сваім словам.
Іерарх адзначыў, што святкі, якія завяршыліся нядаўна ў праваслаўных вернікаў, «у чарговы раз дазволілі нам дакрануцца да таямніцы Богаўцелаўлення, якая змяніла гісторыю свету».
Ён дадаў, што сёлетнія святкі былі пазначаны адыходам у дом нябеснага Айца Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, «які быў знакавый фігурай духоўнага адраджэння нашай краіны пасля трох пакаленняў ганенняў». Арцыбіскуп параўнаў яго з Бэтлеемскай зоркай: як яна прывяла пастухоў і мудрацоў да Езуса, так і Мітрапаліт Філарэт «вёў народ Божы да сустрэчы са Збаўцам».
Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі дадаў, што Мітрапаліт Філарэт «паспяхова адраджаў Праваслаўную Царкву ў нашай Бацькаўшчыне», «быў адкрыты на сучасны свет», «будаваў масты з грамадствам, развіваў адносіны з дзяржавай і іншымі веравызнаннямі».
Арцыбіскуп дадаў, што спачылага Архіпастыра «можна назваць збіральнікам нацыі» і што Каталіцкі Касцёл падзяляе смутак Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі са смерцю гэтага «вялікага пастыра і чалавека».
Ён нагадаў, што меў магчымасць развітацца са спачылым у Свята-Духавым кафедральным саборы і цэлебраваў Імшу за супакой яго душы ў мінскай архікатэдры.
«Нам давялося жыць у вельмі складаны час грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, які падзяліў наша грамадства.
Міжканфесійны мір у нашай краіне, да якога ў значнай ступенні прычыніўся Мітрапаліт Філарэт, сведчыць аб магчымасці адзінства ў разнастайнасці. Таму ён павінен служыць прыкладам прымірэння з мэтай дасягнення так патрэбнага адзінства ў нашым народзе», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён звярнуў увагу, што «новыя часы і новыя выклікі патрабуюць новага, выхаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях чалавека, які зможа вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць».
Арцыбіскуп пажадаў Хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру імя святых Мяфодзія і Кірыла «фармаваць на базе Евангелля і вучэння Царквы новага чалавека, каб выканаць запавет» Мітрапаліта Філарэта і «гэтым самым паставіць найлепшы помнік свайму заснавальніку».