Пошук

11.01.2021 12:20   Тэкст: Надзея Бука / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

10 студзеня, у свята Хросту Пана, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтую падзею 32 вернікі самай старажытнай каталіцкай парафіі беларускай сталіцы чакалі цэлы год: пасля падрыхтоўкі і заняткаў, якія праводзілі ксёндз канонік Юрый Санько і сястра Юлія, канфірмацыя павінна была адбыцца ў лютым мінулага года, але з-за пандэміі яе перанеслі на канец жніўня, а потым арцыбіскуп быў вымушаны жыць за мяжой. Ксёндз Юрый прапанаваў парафіянам дачакацца іерарха, і яны з гэтым пагадзіліся.

У дзень канфірмацыі ў касцёле сабраліся не толькі католікі, але і вернікі іншых вызнанняў.

Шмат хто прыйшоў проста каб пабачыць арцыбіскупа. Разам з іерархам у цэлебрацыі ўзялі ўдзел ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, ксёндз канонік Юрый Санькоксёндз Міхал Сапель і ксёндз Кірыл Бардонаў у якасці цырымоніймайстра.

У гаміліі арцыбіскуп не раз звяртаўся да тых, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, распавядаў пра вартасць гэтага сакрамэнту і пра тое, што іх навучанне ў касцёле — толькі пачатак і што Евангелле павінна быць іх настольнай кнігай кожны дзень.

Пасля ўдзялення сакрамэнту парафіяне павіншавалі арцыбіскупа з нядаўнім юбілеем і падзякавалі за яго сведчанне веры і прысутнасць у святыні.

Прамоўцы не маглі стрымаць слёз, апладысменты не сціхалі некалькі хвілін. Словы віншаванняў прагучалі ад моладзі, супольнасцяў «Жывы місійны Ружанец», якая цяпер налічвае больш за 500 чалавек, і «Легіён Марыі».

 

Абноўлена 11.01.2021 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця