Пошук

02.01.2021 12:37   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота

У навагоднюю ноч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.

У гаміліі іерарх сказаў, што, паколькі 1 студзеня адзначаецца ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, «праз Яе заступніцтва просім Бога благаславіць новы час, які перад намі».

Арцыбіскуп адзначыў, што год, які завяршаецца, стаў часам выпрабавання пандэміяй каранавірусу. «Нечакана свет і наша краіна павінны былі змагацца з ёй, — дадаў ён. — Мы перасталі вітацца адзін з адным за руку. На нашых тварах з’явіліся маскі, што зусім не традыцыйна для нашай культуры».

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, пандэмія паказала «шматлікія духоўныя праблемы нашага грамадства і сучаснага свету».

Як дадаў ён, чалавек «адчуў, што ён не валадар сусвету, а крохкая і залежная ад шматлікіх фактараў істота». Эпідэмія «стала новым імпульсам да перагляду нашых адносін з Богам і будавання жыцця на нязменных прынцыпах Евангелля».

«Ёсць і негатыўныя прыклады, звязаныя з дыспенсай для хворых, тых, хто імі апякуецца, дзяцей і тых, хто баіцца заразіцца. З думкай пра іх і была ўведзена анлайн-трансляцыя Эўхарыстыі. У той жа час некаторыя самі сабе прысвойвалі гэты дазвол без яўнай прычыны. Хадзілі на працу, сядзелі на касе ў краме, наведвалі забаўляльныя мерапрыемствы, (...) але ў касцёл на нядзельную Імшу не ішлі, бо, маўляў, гэта небяспечна і ёсць дыспенса. Іншыя яшчэ казалі, як добра, не трэба хадзіць у касцёл, бо Імшу можна паглядзець па інтэрнэце, як кіно», — сказаў іерарх.

Такія меркаванні, па яго словах, сведчаць «пра нашу слабую веру, неразуменне сэнсу Эўхарыстыі», «адсутнасць пачуцця адказнасці за сваё духоўнае ўдасканальванне».

«Іншым і вельмі сур’ёзным выпрабаваннем стаў грамадска-палітычны крызіс у нашай Бацькаўшчыне, які працягваецца ўжо пяць месяцаў, — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Сярод яго прычын, акрамя сацыяльных і палітычных, неабходна звярнуць увагу і на духоўныя». Іерарх дадаў, што Касцёл «заклікае да мірнага вырашэння крызісу шляхам дыялогу ў праўдзе, любові адзін да аднаго і ўзаемнага прабачэння».

Арцыбіскуп заахвоціў зрабіць у вечар завяршэння года «рахунак сумлення, каб усвядоміць, што не адпавядала Божай волі, і зрабіць новыя пастановы». «Часта наша жыццё не прыносіць духоўнага плёну», — сказаў ён.

Іерарх дадаў, што «Езус не пакідае нас адных», «мы павінны будаваць нашае жыццё на Яго вучэнні».

Арцыбіскуп заклікаў даручыць час, які перад намі, Богу, «каб ён стаў часам паспяховага вырашэння грамадска-палітычнага і эпідэміялагічнага крызісаў і часам благаслаўлёным, які прынясе шмат духоўных плёнаў нам і нашаму грамадству».

Абноўлена 02.01.2021 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця