Пошук

26.12.2020 01:02   Фота: Марыям Табагары / Catholic.by

24 снежня цэлебрацыю святой Імшы Пастэркі ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ўзначаліў Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку іерарх перадаў словы прывітання і святочнага віншавання ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У віншаваннях, у прыватнасці, адзначалася: «Ці сёння ў нашых сэрцах, людзей ХХІ стагоддзя, Езусу ёсць месца? Калі ёсць, то перад намі добрая перспектыва паспяховага вырашэння надзённых праблем і мірнага суіснавання людзей розных поглядаў. У імя супольнага дабра нашай Бацькаўшчыны, будучы рознымі, мы не можам быць супернікамі адзін аднаму.

А гэта магчыма толькі тады, калі ў нашым жыцці прыярытэтам будзе закон любові да Бога і бліжняга і калі мы навучымся прабачаць адзін аднаму.

Завяршаецца Год святога Яна Паўла ІІ. У сённяшняй вельмі складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, да якой дадаецца пандэмія каранавірусу, яго заклік адчыніць дзверы Хрысту з’яўляецца вельмі актуальным. Таму, як кажа Папа Францішак, неабходна дазволіць Езусу ўвайсці ў нашыя сэрцы і любіць нас Яго бязмежнай любоўю, каб яна перамяняла нас».

Ад імя Касцёла ў Беларусі біскуп Аляксандр выказаў словы ўдзячнасці «Папу Францішку, Спецыяльнаму Пасланніку Пантыфіка ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскаму нунцыю арцыбіскупу Антэ Ёзічу, прадстаўнікам дзяржаўнай улады і ўсім людзям, якія праз нястомную малітву спрыялі таму, каб урэшце ў Беларусь мог вярнуцца наш Мітрапаліт».

Кажучы пра нараджэнне Хрыста, біскуп адзначыў, што Езус «не сышоў з неба толькі адзін раз», «Яго Святло жыве ў нашых сэрцах і ў нашых душах, у нашых целах і ў нашых розумах, калі мы Яго запрашаем». «Кожны чалавек, які б ён не быў, знаходзіцца ў Сэрцы Бога. З Яго любові ніхто і ніколі не будзе адкінуты», — дадаў іерарх.

Па яго словах, «сучаснаму свету патрэбна Святло спакою», гэта «асаблівы спакой», які «прыходзіць толькі адным шляхам: праз выкананне Божай волі, у веры і вялікай павазе да іншага чалавека».

«Калі кожны момант мы жывём паводле Божай волі, на хвалу Бога, калі мы імкнёмся быць добрымі да нашых бліжніх, тады гэты вялікі спакой Хрыста ажывіць нас сваёй радасцю», — патлумачыў біскуп.

«Мы не можам сказаць, што сучасны свет не шукае супакою. Шукае! Але без Бога, без Яго дароў і праўды, без Таго, хто з’яўляецца праўдаю. Па праўдзе кажучы, свет шукае таго супакою, які не існуе рэальна, але толькі ствараецца ілюзія, што ён ёсць. Свет будзе жыць у аўтэнтычным супакоі толькі тады, калі ён над усім паставіць Бога», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп адзначыў, што «Божае Слова мае намер з’яднаць, пагадзіць і асвяціць усіх людзей на зямлі, але не можа гэта здзейсніць у адно імгненне без нашай волі». «Зло ёсць паўсюль, але і ў нашым свеце жадае ззяць Святло, якое калісьці засвяціла ў Бэтлееме», — сказаў ён.

Па словах іерарха, «калі мы сёння запрашаем Езуса ў сваё жыццё, то нашае жыццё павінна стаць іншым не сёння, а з сённяшняга дня».

«Мы бегаем, мітусімся, няма часу памаліцца, няма часу прыйсці ў святыню, — адзначыў біскуп. — Наша жыццё, наша праца губляе сэнс, губляе свой непаўторны смак. Гэты сэнс, гэты смак можа даць толькі Езус, можа даць толькі Бог. (…)

Паспрабуем пасля гэтых радасных святаў Божага Нараджэння над гэтым папрацаваць, каб не бегаць з пустой тачкай, каб не працаваць тупой сякерай.

Паабяцаем Немаўлятку Езусу, што кожны дзень будзем знаходзіць час, каб памаліцца — пабыць з Ім».

Разважаючы пра пандэмію, ён адзначыў: «Часта чуем, што гэта Бог паслаў хваробу. Не, Бог не карае нас хваробамі, але хваробы разглядае як момант, што правакуе Яго на дзеянне. Бог не можа спакойна глядзець на пакуты людзей і бачыць іх значна глыбей, чым мы можам бачыць. (...) Пандэмія прымусіла людзей змяніць свае адносіны да многіх рэчаў, людзі пачалі ўсведамляць, што насамрэч з’яўляецца найважнейшым у жыцці, што істотнае ў нашай веры».

Біскуп падкрэсліў, што поўны давер Езусу «забярэ з сэрца страх, адгоніць роспач, якой бы цяжкай ні была сітуацыя ў вашым зямным жыцці».

Віншуючы ўсіх са святам, іерарх дадаў: «У гэтым годзе яно для многіх не такое радаснае. Увесь свет скаланула пандэмія каранавірусу. А нашу Беларусь — грамадска-палітычны крызіс. Ці можа быць поўнаю радасць, калі за сямейным сталом з’яўляюцца пустыя месцы або калі ў сям’і жалоба. Даручаю Нованароджанаму Езусу ўвесь збалелы свет, часткаю якога з’яўляемся і мы. Даручаю Божаму Дзіцяці нашу краіну і народ, Касцёл у Беларусі, нашае сёння і нашую будучыню».

Біскуп пажадаў, «каб Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб мы знаходзілі час быць з Ім»; каб «у нашай Айчыне спынілася эпідэмія каранавірусу»; каб у ёй «настаў супакой, перамагла Божая праўда, справядлівасць і свабода». «Каб стаць “народам”, як павучае святы Аўгустын, трэба сустрэцца адно з адным у дыялогу, тварам у твар і плячо ў плячо.

Няхай дзякуючы гэтаму ўзаемнаму імкненню Беларусь нанава стане краінай міру, узаемнай любові і павагі»,

— сказаў Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Трансляцыя Імшы Пастэркі адбывалася на тэлеканалах Беларусь 1 і Беларусь 24.

 

Абноўлена 26.12.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця