Пошук

24.12.2020 14:14   Grodnensis.by

«Жадаю падзяліцца аплаткай з усімі, каб гэтыя святы зблізілі нас яшчэ больш адзін з адным, нарадзілі ўзаемную зычлівасць і дабрыню, жаданы мір і прабачэнне, якія, як ніколі, патрэбныя нашаму грамадству і нашай краіне», — піша біскуп Гродзенскі.

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»
(Лк 2, 14).

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія вернікі дыяцэзіі!

Перад намі цудоўныя святы Божага Нараджэння, якія мы перажываем заўсёды ў асаблівай атмасферы цеплыні і сярод самых блізкіх людзей. Хоць сёлетнія святы, напэўна, будуць іншыя, чым усе, якія мы памятаем.

Аднак Божае Нараджэнне заўсёды прыносіць радасць і надзею.

Надзею, што — з Божай дапамогай — мы пройдзем разам праз гэты цяжкі час і хутка зноў зможам нармальна жыць, функцыянаваць, арганізоўваць у тым жа фармаце, што і раней, усе нашы дыяцэзіяльныя ўрачыстасці і сустрэчы, якія ўзбагачаюць нашу веру і набліжаюць нас да Пана Бога і іншага чалавека.

Перш, чым гэта стане магчыма, жадаю ў гэты святы час Нараджэння Пана быць блізка да вашых сем’яў, парафіяльных супольнасцяў, чалавечых сэрцаў. Жадаю быць разам з вамі праз малітву, захоўванне нашых традыцый, праз веру і любоў.

У гэты выключны і адзіны на працягу ўсяго года вігілійны вечар жадаю падзяліцца аплаткай з усімі, каб гэтыя святы зблізілі нас яшчэ больш адзін з адным, нарадзілі ўзаемную зычлівасць і дабрыню, жаданы мір і прабачэнне, якія, як ніколі, патрэбныя нашаму грамадству і нашай краіне.

Няхай гэтыя святы схіляюць нас усіх да чуласці ў дачыненні да хворых, бедных, самотных і церпячых.

Дарагія браты і сёстры!

Жадаю, каб святкаванне Божага Нараджэння было часам нараджэння і ўмацавання ў нас самага лепшага, прыгожага і высакароднага, а Новы 2021 год, які набліжаецца, быў поўны добрых хвілін, даў пачуццё бяспекі, а таксама ўпэўненасць, што Божая любоў спадарожнічае ўсім тым, хто ёй давярае.

Благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года!

З пастырскім бласлаўленнем

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, Божае Нараджэнне 2020 г.

Абноўлена 24.12.2020 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.