Пошук

24.12.2020 12:53   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: Iлля Вайстраценка / Catholic.by

20 снежня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску выступіў хор праваслаўнай парафіі Свяціцеля Мікалая Японскага.

Выступленне хору на чале з настаяцелем протаіерэем Паўлам Сердзюком стала добрай каляднай традыцыяй і з’яўляецца падарункам ад вернікаў праваслаўнай парафіі, якая знаходзіцца па суседстве з каталіцкай парафіяй Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы.

Хор ужо некалькі гадоў наведвае парафію Маці Божай Будслаўскай з канцэртамі, падзяляючы радасць свята Божага Нараджэння.

Салісты хору — людзі розных прафесій, ёсць і такія, хто быў у калектыве з моманту яго заснавання. У ліку харыстаў ёсць прафесійныя музыканты і аматары.

Каляды — самае светлае хрысціянскае свята, якое ахутвае людзей у зімовую сцюжу цеплынёй і надзеяй. Спевы на свята Божага Нараджэння папулярныя ў многіх краінах свету і дазваляюць ўзмацніць святочны настрой. Паслухаць духоўную музыку і царкоўныя канты была магчымасць для ўсіх жадаючых. Хор пад кіраўніцтвам рэгента Мікіты Булахава ў выступленнi злучыў усё багацце праваслаўнай музыкі за пяць стагоддзяў.

У гэты дзень хор у касцёле спяваў дакладна тое, што спявалі анёлы ў Бэтлееме, калі нарадзіўся Хрыстус: аб вялікім дары i цудзе прыйсця Бога на зямлю, аб надзеі, веры і любові, аб тым добрым і светлым, што дапамагае душы чалавека перажыць цемру і холад доўгіх зімовых начэй.

Культурныя і духоўныя мерапрыемствы паміж каталіцкай і праваслаўнай парафіямі — знак сяброўства, імкненне рабіць добрыя справы разам, жаданне несці радасную вестку пра нараджэнне Збаўцы агульным словам і агульным дзеяннем. У сэрцах вернікаў гэта знаходзіць водгук.

Яны прыйшлі не толькі паслухаць спевы, але і разам памаліцца, паразмаўляць і выказаць віншаванні з надыходзячымі святамі.

Салісты хору перадалі ўсім католікам сардэчныя віншаванні і выказалі радасць ад наведвання касцёла, пажадаўшы ўсім шчаслівых Калядаў, міру і пераадолення нягод.

Абноўлена 24.12.2020 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця