19 снежня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося чуванне моладзі перад Божым Нараджэннем.
«Неўзабаве мы будзем адзначаць вялікую ўрачыстасць Нараджэння Езуса Хрыста. На гэтым моладзевым адвэнтавым чуванні мы хочам звярнуць нашу ўвагу на сваю асабістую сустрэчу з Хрыстом, на сваю асабістую падрыхтоўку да прыйсця Збавіцеля Свету і паставіць такое пытанне: ці сапраўды маё сэрца гатовае да прыняцця Збаўцы?» — такімі словамі распачалося чуванне.
Ва ўмовах пандэміі фармат чування адрозніваўся ад звычайнага — яно прайшло анлайн.
Невялікая група моладзі прысутнічала ў святыні, каб маліцца разам з тымі, хто далучыўся праз трансляцыю.
Праз спецыяльны хэштэг #калядная_гісторыя моладзь дзялілася фотаздымкамі перажывання чування ў сацыяльных сетках. Такім чынам удзельнікі ядналіся ў адно цэлае, знаходзячыся далёка адзін ад аднаго.
Праграма распачалася святой Імшой, падчас якой Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі скіраваў слова да моладзі. Іерарх закрануў наступнае пытанне: наколькі нашае сэрца гатова мець паўнату радасці ў Нараджэнні Божага Сына?
«Бог даў нам усё, але ад нас залежыць галоўнае — якім будзе сэрца кожнага з нас? Ці я адчыню гэтыя дзверы, ці пачую стук, як Марыя, — залежыць толькі ад мяне», — сказаў біскуп.
Пасля Імшы традыцыйна адбылося дзяленне аплаткай.
У гэтым годзе яно прайшло духоўным чынам. Калядныя відэавіншаванні да моладзі скіравалі пастыры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Моладзь таксама запісала відэазварот да сваіх сяброў.
Наступным пунктам праграмы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адарацыя — час, калі чалавек размаўляе сам-насам з Богам. Ён чэрпае Божую любоў з самай яе крыніцы.
Моладзь разважала над пытаннямі свайго мінулага і сваёй будучыні, пра важнасць часу, прысвечанага іншым і сумеснаму ўзрастанню.
«У жыцці, якое даў нам Валадар часу і сусвету, аддадзім мінулае Яго міласэрнасці, сучаснасць — Яго любові, а будучыня няхай будзе ў руках Божага Провіду», — адзначалася падчас адарацыі.
Удзельнікі чування маліліся таксама за Беларусь і прасілі, каб будучыня была светлая, хрысціянская, згодная з Божым планам.
Моладзь з мінскай парафіі на Залатой Горцы ўпрыгожыла адарацыю спевамі.
На заканчэнне арганізатары і ўдзельнікі чування, якія прысутнічалі ў святыні, падзяліліся аплаткай і павіншавалі адзін аднаго з надыходзячым святам.