Увечары 19 снежня ў мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі ў Беларусь каталіцкія скаўты.
Перад пачаткам святой Імшы ў галоўную каталіцкую святыню сталіцы прывезлі Агонь, запалены ад нязгаснай лампады ў бэтлеемскай базыліцы Нараджэння Пана. Шмат вернікаў прысутнічалі пра гэтай радаснай падзеі, асабліва дзяцей і моладзі, з удзелам якіх кожную суботу ў архікатэдры адбываюцца Рараты.
Сустрэлі бэтлеемскі агонь міру Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч. Пасля змяшчэння лампады з агнём на алтары іерарх звярнуўся да прысутных са словам, у якім распавёў пра гісторыю традыцыі Бэтлеемскага агню і значэнне гэтага сімвалу міру.
«Гэтае святло — гэта Езус Хрыстус, які стукаецца ў сэрца кожнага чалавека. Яно таксама сімвалізуе чуванне; паказвае, што наш дом адкрыты на прыйсце Збаўцы. Праз гэтае святло мы можам сімвалічна дакрануцца да таго месца, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.
Пастыр асабліва падзякаваў скаўтам, якія даставілі агонь у архікатэдру, асабліва малодшым удзельнікам гэтага руху — «ваўчанятам» і «божым кароўкам», якія са шчырым запалам і дзіцячымі ўсмешкамі неслі свае агеньчыкі.
Біскуп пажадаў, каб промні святла прынеслі ў кожны дом святло, цеплыню і радасць ад надыходзячага свята Божага Нараджэння.