Пошук

09.12.2020 17:43   Тэкст: Аляксандр Пятліцкі SCI / Фота: scj.pl, seminarium.scj.pl / Catholic.by

Трое семінарыстаў, з якіх двое з Беларусі — Валерый Пупкевіч з парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах і Уладзіслаў Чуйко з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, — прынеслі вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці сэрцанаў у парафіяльным касцёле ў Стадніках каля Кракава (Польшча).

«Вось я, пашлі мяне», — адказвае прарок Ісая Тройчы Святому, які кліча яго. Менавіта гэты прарок, які моцай Божай звяртаецца да вернікаў у час радаснага чакання Пана, дае яскравы прыклад адкрытасці на волю Найвышэйшага. Словы прарока знаходзяць пацвярджэнне і поўны выраз у жыцці Маці Божай, якая цалкам даверылася Усемагутнаму, прымаючы Збаўцу свету пад сваё сэрца.

Гэты момант асаблівым чынам пранікае ў харызму айцоў сэрцанаў, якія прыносяць вечныя манаскія абяцанні ўжо традыцыйна ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У Канстытуцыі жыцця сэрцанаў гаворыцца: «Праз сваё Ecce ancilla Яна [Марыя] пабуджае нас да адкрытасці ў веры, з'яўляецца дасканалым прыкладам нашага законніцкага жыцця»; «выконваць усім сваім жыццём, малітвай, працай, цярпеннямі і радасцямі культ Любові і Сатысфакцыі, якіх так прагне Сэрца Збаўцы».

Эпідэміялагічная сітуацыя не дазволіла шматлікім гасцям сабрацца разам у святыні ў Стадніках на Эўхарыстыі, падчас якой былі прынесены абяцанні. Аднак родныя і сябры маладых законнікаў з Беларусі змаглі далучыцца да ўрачыстасці духоўна праз прамую трансляцыю.

Духоўную падрыхтоўку, падчас якой галоўным матывам разважанняў было манаскае жыццё, семінарысты прайшлі пад кіраўніцтвам кс. Юзафа Гаўла SCI, шматгадовага выхавацеля не аднаго пакалення сэрцанаў у навіцыяце.

«Кожны дзень, праз сваё штодзённае fiat, падобна як Марыя, адчыняйце дзверы Хрысту, які няспынна стукае ў вашыя сэрцы», — заахвоціў кс. Веслаў Свеньх SCI, правінцыял Польскай правінцыі сэрцанаў, у прысутнасці якога маладыя законнікі прынеслі абяцанні чыстасці, паслухмянасці і ўбоства.

Адказам, які ўзялі сабе за прыклад семінарысты Валерый і Уладзіслаў, прымаючы абавязкі і харызму супольнасці сэрцанаў, сталі словы Марыі: «Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова».

Супольнасць айцоў сэрцанаў на Беларусі налічвае 11 святароў, якія здзяйсняюць служэнне ў Гродне, Астрыне, Ляхавічах, Паставах, Шаркаўшчыне і Варапаеве.

Цяпер рыхтуюцца да святарства адзін дыякан і трое семінарыстаў з Беларусі.

Абноўлена 10.12.2020 09:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.