Пошук

27.11.2020 09:01   Паводле: Grodnensis.by

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

Пан Бог дае нам чарговы Адвэнт у нашым жыцці. Гэта новы час, калі мы будзем не толькі чакаць, але і пазнаваць любоў, аб’яўленую ў Езусе Хрысце. Гэта час, які павінен мабілізаваць нас да абуджэння чуйнасці і падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам, які адкрыў нам неба і прыйдзе зноў, як абяцаў. Аднак мы не ведаем, калі гэта станецца. Не ведаем ні часу Яго паўторнага прыйсця ў свет, ні прыйсця ў дзень нашай смерці. Таму трэба, каб наша жыццё было цярплівым, а разам з тым поўным даверу чаканнем.

Пан Езус шматразова даваў нам зразумець, што ў нашым чаканні Яго прыйсця мы не можам быць пасіўнымі і млявымі. Таму таксама патрэбна вялікая чуйнасць, каб не праспаць хвіліны Яго прыйсця, і вялікае старанне, каб быць добра падрыхтаваным.

Сёлетні Адвэнт мы перажываем у вельмі цяжкі час пандэміі каранавірусу, які з’яўляецца для нас часам вялікага выпрабавання.

Мы не можам нармальна функцыянаваць. Не заўсёды можам наведваць нашых блізкіх, асабліва пажылых бацькоў, бабуль і дзядуляў. Не можам адчуць цеплыні і радасці ад супольнага прабывання разам, а падчас літургіі не можам падаць адзін аднаму руку, перадаючы знак супакою. Мы здаем цяжкі экзамен, найперш у веры і надзеі, а затым у іх плёне — канкрэтнай любові да бліжняга, салідарнасці, адказнасці і чуласці да патрэбаў іншых.

Якія ж актуальныя ў гэты час выпрабавання і няўпэўненасці ў нашым заўтрашнім дні словы Езуса, якія чуем у сённяшнім Евангеллі: «Чувайце, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому» (Мк 13, 35). На жаль, мы сведкі таго, як для некаторых людзей гэтае чуванне ўжо падышло да канца. Яны прайгралі барацьбу з хваробай. Аднак верым, што смерць дазволіла ім сустрэцца з Тым, у каго яны верылі, каго любілі і хто з’яўляецца гарантыяй вечнага жыцця.

Таму хацеў бы на парозе Адвэнту заўважыць, што мы жывём у свеце, дзе ўсё толькі часовае. Усё вакол нас разбураецца, усяму прыходзіць канец. Незалежна ад нашых сённяшніх умоваў жыцця — мы таксама раней ці пазней адыдзем. Прыгажосць толькі часовая. Усе выпрабаванні, перажыванні і канфлікты толькі часовыя.

Адпачынак, прыемнасці, прафесійныя справы і матэрыяльныя даброты хутка прамінуць, разам з усімі астатнімі справамі, якія займалі нашы думкі і сэрцы.

Мы не можам затрымаць гэтых рэчаў. Не можам забраць іх з сабой. Гэты свет праміне. Трэба толькі спыніцца і паслухаць уважліва тое, што кажа нам Створца: «Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Кал 3, 2). «І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна» (1 Ян 2, 17).

Усе мы ідзём у свет, у якім усё вечнае, а наш вечны стан цалкам залежыць ад таго, хто мы зараз. Кожны дзень мы сеем зерне, якое будзе расці і прыносіць плён. Усе нашы думкі, словы і ўчынкі маюць вечныя наступствы. Святы апостал Павел кажа: «Што чалавек пасее, тое і пажне. Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё» (Гал 6, 8). Тое, што мы сеем у гэтым жыцці, будзем пажынаць пасля смерці — на працягу ўсёй вечнасці.

Час Адвэнту, акрамя разважання над сваім жыццём, малітвы і новага адкрыцця таямніцы Божай любові, — гэта таксама шанц на сустрэчу з іншым чалавекам. Традыцыйна ў гэтыя дні мы павінны думаць больш і часцей пра іншых, падтрымліваць справы міласэрнасці, дзяліцца тым, што маем, з найбольш патрабуючымі. А як жа шмат гэтых патрабуючых побач з намі, у нашым горадзе, раёне, парафіі… Не ўсе чакаюць ад нас матэрыяльнай дапамогі, якую мы ў перыяд фінансавага крызісу не заўсёды можам аказаць.

Многія чакаюць толькі ласкавай прысутнасці, а калі на дадзены момант гэта немагчыма з-за каранціну ці ізаляцыі, чакаюць зацікаўленасці іх лёсам.

Усе ж хочуць дабрыні і крыху нашага сэрца. Салідарнасць — гэта найлепшы выраз любові і блізкасці.

Святы Айцец Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы Fratelli tutti, прысвечанай тэме братэрства і любові ў грамадстве, заахвочвае нас быць заўсёды з тым чалавекам, якому патрэбна дапамога, не зважаючы на тое, ці належыць ён да нашага кола. «Сёння ў нас ёсць выдатная магчымасць паказаць, што мы браты, што мы наступныя міласэрныя самаране, якія нясуць на сабе боль няўдачы, а не распальваюць нянавісць і крыўду. (...) станем умацоўваць і развіваць тое, што добрае, і самааддана служыць дабру» (№ 77).

Дарагія вернікі дыяцэзіі!

Уступаючы на шлях адвэнтавага чування, жадаю вам глыбока ўсвядоміць, што зямное жыццё — вялікае дабро, і гэтае жыццё трэба пражыць дасканала. Мы не можам, аднак, забываць, што акрамя жыцця зямнога існуе яшчэ жыццё вечнае. Няма нічога важнейшага за яго. Калі мы здзейснілі цяжкі грэх, не будзем адмаўляцца ад споведзі, а з вялікай стараннасцю паклапоцімся аб тым, каб душа наша была пастаянна ў стане асвячальнай ласкі.

Будучы ў стане асвячальнай ласкі, мы будзем падобныя да чалавека, які апрануў новае прыгожае адзенне, і пачнем прыносіць плёны духоўнай радасці, міру, цярплівасці, лагоднасці і іншых праяваў прысутнасці Духа Святога.

Заахвочваю вас, браты і сёстры, якія з прычыны хваробы або з-за страху заражэння не маеце магчымасці наведваць святыні і ўдзельнічаць у святой Імшы, злучацца духоўна з супольнасцю Касцёла праз дапамогу сродкаў масавай інфармацыі, а таксама чытаць Святое Пісанне і маліцца ў сваіх сем’ях хатняга Касцёла. Жадаю, каб у час пандэміі вы засумавалі па Эўхарыстыі і нанава адкрылі яе багацце, якога — спадзяюся, толькі на нейкі час, — вы былі пазбаўлены. Веру, што пасля гэтага часу эпідэміі дзякуючы ласцы Бога мы ўмацуем нашу веру, удасканалім нашу надзею і навучымся любіць, а таксама — што важна — аказваць міласэрнасць!

Няхай Адвэнт, які распачынаецца, будзе, нягледзячы на ўсё, часам радаснага чакання новага прыйсця Езуса Хрыста, які заўсёды прыносіць дапамогу і надзею. Не будзем забываць штодзённа прасіць Бога ў малітве: «Ласку Тваю, просім Цябе, Пане, улі ў сэрцы нашы...»

Памятаючы пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Правадніцу Адвэнту, пажадаем адзін аднаму плённага шляху падрыхтоўкі, а пасля яго заканчэння — поўных радасці і благаслаўлёных святаў.

Aляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Гродна, 23.11.2020 г.

Гэты Пастырскі ліст належыць прачытаць падчас кожнай святой Імшы ў І нядзелю Адвэнту.

Абноўлена 02.12.2020 19:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.