Пошук

23.11.2020 11:33   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

21 лістапада, у 30-ы дзень пасля смерці ксяндза Пятра Пятрагі, вернікі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах, (Вілейскі дэканат) маліліся аб вечным жыцці для свайго спачылага пробашча.

Святую Імшу з гэтай нагоды ў парафіяльнай святыні ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Касцяневіцкія парафіяне ў пададзенай інтэнцыі выказалі падзяку Богу за шматгадовае служэнне ксяндза Пятра ў іх супольнасці з просьбай аб вечнай узнагародзе за яго самаахвярнасць і з абяцаннем заўсёды памятаць пра яго ў сваіх сэрцах і малітвах.

Перад алтаром, пры якім спачылы святар яшчэ нядаўна маліўся разам з імі, цэлебруючы Эўхарыстычную ахвяру Хрыста і здзяйсняючы іншыя святыя сакрамэнты, вернікі ў памяць пра яго зладзілі жалобны мемарыял. Хоць з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі людзей у касцёле сабралося не вельмі шмат, памаліцца за свайго спачылага пробашча прыйшлі прадстаўнікі розных пакаленняў тутэйшых вернікаў.

У прамоўленым Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на прамінальнасць зямнога жыцця чалавека, якое з’яўляецца вандроўкай у вечнасць. Ён падкрэсліў, што цяпер ксёндз Пётр, які заўчасна адышоў з гэтага свету, як раней перад алтаром, цяпер стаіць перад тронам Нябеснага Валадара і яго вернае служэнне Хрысту на зямлі працягваецца ў вечнасці.

Іерарх нагадаў, што ксёндз Пётр Пятрага стаў першым святаром, якому ўдзяліў пасвячэнне арцыбіскуп Казімір Свёнтэк, мужны Сведка веры і першы ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал.

Біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў касцяневіцкім вернікам за памяць пра іх спачылага душпастыра і заахвоціў да далейшай малітвы ў яго інтэнцыі. Ён таксама заклікаў людзей маліцца аб новых пакліканнях да святарства, каб Бог паслаў на сваё жніво руплівых працаўнікоў, якія працягнуць справу тых, хто адраджаў веру на нашай зямлі і так, як спачылы ксёндз Пётр Пятрага, аддана вёў людзей да збаўлення.

 

 

Абноўлена 23.11.2020 16:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця