Пошук

19.11.2020 16:25   Catholic.by
Фота: grodno.flatbook.by

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі скіроўвае адмысловы ліст, які можна выкарыстаць падчас урачыстых святых Імшаў ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, што будзе адзначацца ў Касцёле ў нядзелю 22 лістапада.

Ліст рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталя Вайцяхоўскага
на ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету

Тэкст ліста для друку ТУТ>>>

Шаноўныя браты і сёстры!

Апошняя нядзеля літургічнага года — нядзеля Хрыста Валадара Сусвету. Часам яе называюць «семінарыйнай», таму што менавіта ў гэтую ўрачыстасць семінарысты выязджаюць у парафіі, каб быць побач з вернікамі, каб разам маліцца, каб сведчыць, каб дзякаваць Богу і людзям. Але сённяшняя нядзеля выглядае інакш. З прычыны пандэміі ў парафіях няма семінарыстаў. Але ёсць наша малітва і ўдзячнасць, ёсць наша духоўная прысутнасць сярод вас. Таму, карыстаючыся нагодай сённяшняй урачыстасці, я ад імя ўсёй нашай супольнасці хацеў бы разам з вамі паразважаць пра Валадарства Хрыстовае, а таксама выказаць словы шчырай падзякі.

«Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства» (Лк 12, 32).

У Евангеллі Езус абвяшчае нам прыйсце Валадарства Божага і заклікае працаваць і прыкладаць намаганні дзеля набліжэння гэтай рэчаіснасці.

Пачынаючы нашае разважанне пра Валадарства Божае, прыйсце якога апісвае сённяшняе Евангелле, варта заўважыць, што Езус з упэўненасцю гаворыць пра здзяйсненне гэтага факту.

Ён ведае, што гэта абавязкова адбудзецца. Як бы ні супраціўляліся гэтаму факту моцы свету, моцы цемры і зла, моцы хлусні і нянавісці, моцы гвалту і насілля, моцы д’ябла, гэта абавязкова адбудзецца: Валадарства Хрыстовае абавязкова запануе — валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і спакою. Мы як хрысціяне павінны заўсёды пра гэта памятаць.

У нашым штодзённым змаганні за прыйсце Хрыстовага Валадарства гэта павінна дадаваць нам упэўненасці ў тым, што перамога дабра і справядлівасці абавязкова адбудзецца, што гэта ўсё недарэмна.

Асабліва важна пра гэта памятаць, калі мы адчуваем знясіленасць, калі хваля зла накрывае нас з галавою, калі здаецца, што мы нічога не можам зрабіць, што не хопіць сіл супрацьстаяць злому. Падобны стан перажывалі апосталы пасля крыжовай смерці Хрыста. Аднак заўсёды пасля цемры Вялікай пятніцы надыходзіць раніца Вялікадня. Бог заўсёды стрымлівае свае абяцанні. Сёння Ён запрашае нас паверыць Яму ў чарговы раз і далучыцца да будавання і набліжэння Валадарства Божага.

Разважаючы пра прыйсце Божага Валадарства і пра нашу асабістую ролю і ўнёсак у яго набліжэнне, немагчыма не задаць пытанне: а чым з’яўляецца Божае Валадарства, з чаго яно складаецца? «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна, і не скажуць: „Вось тут“, або: „Там“. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас» (Лк 17, 20-21). Менавіта так, Валадарства Божае — гэта не якая-небудзь структура. «Бо Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё» (Рым 14, 17). Валадарства Божае — значна больш глыбокая і фундаментальная рэчаіснасць. Рэчаіснасць, якая нараджаецца не паміж людзьмі, а ў глыбіні чалавечага сэрца.

Валадарства Божае нараджаецца тады, калі мы прымаем тыя каштоўнасці, якія яно абвяшчае; калі гэтыя каштоўнасці — праўда, жыццё, святасць, ласка, справядлівасць, любоў, супакой, радасць і г.д. — становяцца нашымі асабістымі прыярытэтамі.

Інакш немагчыма. Нельга будаваць справядлівае грамадства, калі мы не любім справядлівасць, альбо любім, але толькі не ў адносінах да сябе. Не будзе любові ў свеце, калі мы не будзем любіць людзей. Гэтага нельга рабіць пад прымусам, з пэўнай умовай або дзеля чагосьці. Гэта заўсёды будзе бачна, гэта будзе выглядаць ненатуральна да той пары, пакуль мы не адчуем, што гэтыя каштоўнасці сталі каштоўнасцямі нашага жыцця. Менавіта ў гэты момант мы ператворымся ў тую шляхетную закваску, якая будзе пранізваць усё навокал ідэямі Евангелля.

Але да гэтага пераканання мы даходзім паступова, узрастаючы ў нашай свядомасці з дня на дзень. Гэта доўгі шлях. Шлях пошукаў, сустрэчы, адкрыцця новых абшараў жыцця, духоўных перажыванняў і радасцяў, няпэўнасці напачатку і моцнага пераканання ў правільнасці жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцяў. На гэтым шляху мы не раз адчуем стомленасць і будзем патрабаваць падсілкавання. Гэтае падсілкаванне, а адначасова і адказ на шматлікія пытанні мы знойдзем у сакрамэнтах і Святым Пісанні, у хвілінах ціхай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У гэтым месцы нашых разважанняў я хачу скіраваць увагу ў бок тых людзей, якія ахвяравалі сваё жыццё, каб прыходзіць да нас з Божай паслугай і сакрамэнтамі, а дакладней тых, якія рыхтуюцца да гэтай паслугі. Дазвольце ж распавесці ў некалькіх словах пра нашу Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю.

Сёння лічба семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў Гродне, складае 25 чалавек з усіх дыяцэзій Беларусі.

Семінарысты праходзяць сямігадовую фармацыю. Год падрыхтоўкі, два гады філасофскага навучання і чатыры гады тэалогіі. Семінарыйная фармацыя складаецца не толькі з інтэлектуальнай падрыхтоўкі, але таксама з фармацыі чалавечай і духоўнай. Акрамя лекцый, семінарысты перажываюць розныя духоўныя практыкаванні, а таксама займаюцца карытатыўнай дзейнасцю.

У сённяшнюю ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету я ад імя ўсёй нашай супольнасці прагну вам шчыра падзякаваць. У першую чаргу, за вашы духоўныя ахвяраванні: за вашы штодзённыя малітвы, Ружанцы, Вяночкі, за вашы адрачэнні і пост у нашых інтэнцыях. Наш Касцёл перастане існаваць у той момант, калі вернікі перастануць маліцца аб святарскіх пакліканнях і за святароў.

Хачу таксама падзякаваць вам за вашу нязломную веру, якую вы збераглі і перадалі сваім нашчадкам. Маладыя хлопцы, якія ўступаюць на шлях падрыхтоўкі да святарства, — гэта плён вашай веры, гэта вашы духоўныя сыны. Яны пераймаюць ад вас гэты духоўны скарб, каб дзяліцца ім і перадаць далей. У сённяшнім свеце гэта далёка не простае заданне, таму нам увесь час патрэбна вашая духоўная падтрымка.

Якімі б узнёслымі ні былі духоўныя памкненні чалавека, аднак іх рэалізацыя адбываецца ў матэрыяльным свеце. Чалавек — гэта не толькі дух, але і цела. Духоўная фармацыя патрабуе таксама матэрыяльнай падтрымкі.

Дарагія браты і сёстры, мы гэтую падтрымку ад вас адчуваем кожны дзень.

Кожны дзень мы маем што з’есці, маем месца для вучобы, адпачынку і сну, а таксама ўмовы для духоўнага ўзрастання. За гэта вам таксама вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашых ахвяраванняў, шчыра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніц даходу, таму спадзяемся на Бога і вашыя чулыя сэрцы.

Напрыканцы гэтых слоў падзякі хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну важную патрэбу нашай семінарыйнай сям’і. Яна пастаянна чакае і патрабуе тых, хто пачуў у сваім сэрцы Божы голас — голас паклікання. Таму маліцеся аб адвазе для тых, каго кліча Пан Бог, каб не баяліся ўступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях.

Дзякуй за тое, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.

Няхай добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!

Ксёндз Віталь Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне

Гродна, 19 лістапада 2020 г.

Абноўлена 19.11.2020 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа