5 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў персанальныя змены ў дыяцэзіі.
Пра гэта паведамляе Grodnensis.by.
Ксёндз Руслан Мазан вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі дэканат) і прызначаны пробашчам парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Ён заменіць спачылага кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, які апошнія 24 гады быў пробашчам гэтай парафіі.
Ксёндз Юрый Ясевіч прызначаны адміністратарам парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.
Ксёндз Руслан Мазан паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Аляксандр Кашкевіч 29 мая 2010 г. у катэдры св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Ксёндз Юрый Ясевіч паходзіць з парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радуньскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Аляксандр Кашкевіч 19 мая 2013 г. у катэдры ў Гродне.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў святарам за ранейшае служэнне ў парафіях і ўдзяліў благаслаўленне на спаўненне новых адказных душпастырскіх абавязкаў.