Пошук

03.11.2020 14:07   Тэкст: Ян Багдановіч / Фота: Ігар Кавалёў, Дзяніс Раманаў / Catholic.by

Ужо стала традыцыйным, што 2 лістапада вернікі Магілёва збіраюцца на каталіцкіх могілках па вуліцы Лазарэнкі, вядомых сярод мясцовых жыхароў як «Польскія могілкі», каб на чале з біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB прайсці ў працэсіі і памаліцца за памерлых.

На гэтых могілках спачывае таксама тагачаснае каталіцкае духавенства Магілёва.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, цэлебруючы Эўхарыстыю ў капліцы святога Антонія на могілках, звяртаючыся да прысутных, нагадаў у гаміліі пра сутнасць гэтай малітоўнай сустрэчы. «Касцёл заўсёды маліўся за памерлых. Калі тыя, хто памёр, знаходзяцца на небе, ім не патрэбныя малітвы; калі яны ў пекле, малітвы нічым не дапамогуць. Дык чаму людзі заўсёды маліліся за сваіх памерлых блізкіх? Таму што ёсць яшчэ адно месца ачышчэння, якое мы называем чыстцом», — сказаў іерарх.

Біскуп нагадаў, што, як запэўнівае Святое Пісанне, каб быць на небе, трэба быць святым, у Пасланні да Габрэяў гаворыцца: «Імкніцеся... да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Пана» (Гбр 12, 14), а ў Апакаліпсісе — што нішто нячыстае ніколі не ўвойдзе ў неба (пар. Ап 21, 27). «Каб быць у еднасці з Богам, трэба быць дасканалым. Калі чалавек не з'яўляецца святым на зямлі, ён ці яна яшчэ не гатовы быць на небе.

Так, з Божай дапамогай мы вызналі на споведзі свае смяротныя грахі і мы, апраўданыя і выратаваныя Крывёю Хрыста, знаходзімся ў «стане ласкі» — але часовае пакаранне за нашы грахі застаецца»,

— патлумачыў іерарх.

«У час, калі мы аддаем перавагу «праслаўленню жыцця людзей», а не сапраўдным пахаванням, калі мы празмерна ўсхваляем і часта абагаўляем памерлых, да думкі пра неабходнасць ачышчэння, да самога паняцця ўласна граху і неабходнасці вызвалення ад часовага пакарання нялёгка звяртацца, — дадаў біскуп. — Мы не ведаем, як доўга цягнецца чысцец, мы не ведаем, дзе ён знаходзіцца. Бо чысцец — гэта стан, працэс, які вызваляе нас ад часовага пакарання за наш грэх, канчатковае ачышчэнне Божага народу».

«Калі прыйдзе наш час заснуць у Езусе Хрысце, мы не будзем свабодныя ад гэтага. Нават без смяротнага граху будзе існаваць такая схільнасць, бязладная прыхільнасць да створаных рэчаў, большая за прыхільнасць да Бога, бязладная прыхільнасць да тых прабачальных грахоў, з прычыны якіх нас таксама заахвочваюць часта звяртацца да сакрамэнту паяднання ў гэтым жыцці.

Так, нам, як непаслухмяным дзецям, наш Айцец можа дараваць, што мы разбілі акно мячом; магчыма, мы былі вызвалены ад усялякай віны (...) але разбітая шыба ўсё яшчэ ёсць.

Захоўваюцца часовыя наступствы нашых грахоў, і гэта нязменнасць мінулага, — адзначыў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. — Гэтую Эўхарыстычную ахвяру мы прыносім сёння, каб тыя, хто сышоў перад намі, цалкам ачысціліся дзякуючы Божай скарбніцы і ўвайшлі ў Валадарства святла і супакою».

Таксама ён нагадаў пра важнасць штодзённай малітвы за памерлых. «У рэшце рэшт, гэта святыя душы ў чыстцы — яны ненавідзяць грэх, як і мы, калі кажам, што ненавідзім яго, кожны раз, калі ахвяруем свой акт пакаяння на споведзі. Душы ў чыстцы ведаюць, што парвалі з грахом, і за гэтыя святыя душы мы сёння ахвяруем Імшу, каб ім быў дадзены вечны супакой і каб ім свяціла вечнае святло», — сказаў іерарх.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі працэсіі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы аб ласцы неба для памерлых, целы якіх знайшлі свой апошні прыстанак на могілках Магілёва.

Вечарам 2 лістапада ва ўсіх касцёлах Магілёўшчыны цэлебраваліся Імшы за памерлых, а ў магілёўскай катэдры прайшла жалобная працэсія.

Падчас яе на асобных прыпынках біскуп Яшэўскі са святарамі і вернікамі маліўся за памерлых іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў, бацькоў, блізкіх, загінулых на войнах і з прычыны тэрарыстычных актаў, а таксама за ўсіх памерлых.

Абноўлена 03.11.2020 17:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця