Пошук

03.11.2020 00:55   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, на старажытных Кальварыйскіх могілках у Мінску прайшла агульнагарадская працэсія, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Распачынаючы традыцыйнае набажэнства, іерарах запрасіў прысутных на ім вернікаў да малітвы за спачылых продкаў, родных, а таксама за тых людзей, за якіх няма каму памаліцца. Біскуп Касабуцкі паведаміў, што ў гэты дзень завяршыўся зямны шлях айца Зыгмунта Веслава Глэмбоцкага, францішканіна, які на працягу многіх гадоў быў пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Камень Валожынскага дэканату, і заклікаў удзельнікаў набажэнства да малітвы за спачылага святара.

Пасля працэсіі па старажытным мінскім некропалі, які цудам захаваўся, не быў знішчаны злачыннай савецкай уладай, як многія іншыя месцы хрысціянскага культу, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылася святая Імша за памерлых.

На пачатку Эўхарыстыі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ўзначаліў цэлебрацыю, прывітаў Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека і ўсіх прысутных.

У прамоўленым Божым слове біскуп Касабуцкі засяродзіўся на прамінальнасці зямнога жыцця і асаблівай важнасці малітвы за памерлых. Іерарх адзначыў, што зямны шлях чалавека — колькі б ён ні працягваўся, — гэта час падрыхтоўкі да вечнасці, пошук Бога, які з’яўляецца першакрыніцай і мэтай чалавечага жыцця.

Ён дадаў, што хвіліна адыходу з гэтага свету з’яўляецца для кожнага чалавека «момантам ісціны», калі ён становіцца на суд перад Справядлівым Богам, для якога няма нічога таемнага і скрытага.

Біскуп заўважыў, што, паколькі ні пра каго з памерлых немагчыма з упэўненасцю сказаць, што ён асуджаны на вечныя мукі ў пекле, Касцёл моліцца за ўсіх памерлых, просячы для іх Божай міласэрнасці і вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве. Іерарх нагадаў, што стан тых душаў, якія не адпалі канчаткова ад Божай любові і не страцілі надзеі на збаўленне, але пакуль яго не дасягнулі, у каталіцкім веравучэнні называецца чыстцам.

Пры гэтым біскуп Юрый адзначыў, што прыгожыя помнікі на магіле, кветкі і свечкі насамрэч памерлым непатрэбныя: ім патрэбна толькі малітва, якая дапамагае ім ачысціцца і наблізіцца да Бога. У сувязі з гэтым пастыр звярнуў увагу на неабходнасць святых Імшаў і іншых малітваў за памерлых.

«Запаленая на магіле свечка — гэта толькі сімвал, дадатак да малітвы, што нагадвае пра вечнае святло, якога мы просім для нашых памерлых», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

На заканчэнне іерарх нагадаў вернікам пра тое, што сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй змяніліся ўмовы атрымання традыцыйнага адпусту: даравання часовага пакарання за грахі памерлым. Біскуп заклікаў удзельнікаў набажэнства карыстацца гэтай магчымасцю, якую дае ўсім нам Бог і Касцёл для таго, каб дапамагчы душам памерлых дасягнуць збаўлення.

 

Абноўлена 03.11.2020 17:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.