Пошук

23.10.2020 12:11   Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка абвяшчае распараджэнні, якія будуць дзейнічаць на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі з 25 кастрычніка.

Паведамленне
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
ў сувязі з пандэміяй каранавірусу СOVID-19

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты i сёстры ў Хрысце!

У сувязі з пандэміяй каранавірусу СOVID-19, беручы пад увагу рэкамендацыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 10 кастрычніка 2020 г., абвяшчаю наступныя распараджэнні, якія абавязваюць на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі:

1. Згодна з кан. 87 §1, 1245 і 1248 §2 Кодэкса кананічнага права, удзяляю дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы наступным катэгорыям вернікаў:

  • асобам пажылога ўзросту, якім асабліва пагражае інфекцыя каранавірусу;
  • асобам з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі;
  • дзецям і школьнікам, а таксама асобам, якія імі непасрэдна апякуюцца;
  • асобам, якія баяцца заражэння каранавірусам.

2. Асобам, якія будуць карыстацца дыспенсай, рэкамендуецца яднацца з вернікамі, сабранымі на св. Імшы, пры дапамозе сродкаў электроннай камунікацыі і прымаць духоўную святую Камунію.

Шаноўныя душпастыры абавязаны растлумачыць вернікам, што такое духоўная святая Камунія, а таксама паінфармаваць іх аб магчымасцях выкарыстання трансляцый св. Імшы з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі.

3. Ксяндзы пробашчы і адміністратары парафій абавязаны прыкласці ўсе намаганні, каб у святынях і месцах душпастырскіх сустрэч былі захаваныя адпаведныя правілы гігіены: заахвочваць вернікаў карыстацца маскамі ці іншымі сродкамі аховы, забяспечыць магчымасць выкарыстання сродкаў дэзінфекцыі, а калі дазваляюць магчымасці, стварыць умовы для т.зв. сацыяльнай дыстанцыі.

4. Пробашчаў і адміністратараў парафій, настаяцеляў манаскіх і іншых касцёльных супольнасцяў прашу захаваць максімальную асцярожнасць і разважлівасць пры арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў, беручы пад увагу складаную эпідэмічную сітуацыю, і паразважаць над магчымасцю адклікання або пераносу запланаваных сустрэч на пазнейшы час.

Дадзеныя распараджэнні дзейнічаюць з 25 кастрычніка 2020 г. і абавязваюць да адклікання.

Давяраю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі апецы Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, а таксама заступніцтву святога Андрэя Баболі.

На перажыванне гэтага часу ў духу даверу да Божай Міласэрнасці ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

№150/20
Пінск, 21 кастрычніка 2020 г.

Абноўлена 23.10.2020 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця