Пошук

12.10.2020 14:51   Тэкст і фота: Наталля Субко / sdb.by / Catholic.by

9 кастрычніка ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Смаргоні біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы за спачылага першага пробашча адроджанай смаргонскай парафіі кс. Генрыха Куляшэвіча SDB.

Як паведамляе сайт Салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, пахаванне кс. Генрыха адбылося ў гэты дзень у Сувалках (Польшча).

Шматлікія, вернікі, святары і сёстры законныя, якія не змаглі ўзяць у ім удзел, сабраліся ў Смаргоні, каб памаліцца за душу памерлага душпастыра.

На гэтую супольную малітву за душу спачылага сабрата прыбылі святары з усіх салезіянскіх парафій нашай краіны на чале з дэлегатам салезіянаў у Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, сёстры салезіянкі, дыяцэзіяльныя святары, вернікі, якія належаць да салезіянскай сям’і, і ўдзячныя парафіяне.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі разам з усімі святарамі, сёстрамі законнымі і вернікамі атулілі спачылага сваёй малітвай. Шмат шчырых і цёплых словаў прысвяціў свайму духоўнаму айцу кс. Генрыху Куляшэвічу біскуп Аляксандр. У прамоўленай гаміліі іерарх распавёў, як адбылася яго першая сустрэча з кс. Генрыхам, як распачыналася праца з моладдзю ў Смаргоні.

Ён падкрэсліў, што першы пробашч адроджанай парафіі прыклаў вялікія намаганні для аднаўлення рэлігійнага жыцця ў Смаргоні.

Са словам ад імя ўсёй салезіянскай сям’і на Беларусі да прысутных звярнуўся кс. Віктар Гайдукевіч. Ксёндз дэлегат выказаў надзею, што заснавальнік салезіянскага таварыства святы Ян Боско прывядзе душу спачылага сабрата да трона Нябеснага Айца.

Узгадаў спачылага святара і кс. Здзіслаў Ведэр SDB, адзін з найстарэйшых салезіянаў у Беларусі, які ў свой час супрацоўнічаў з кс. Генрыхам Куляшэвічам у справе адраджэння парафіі ў Смаргоні. Акрамя таго, быў зачытаны ліст с. Габрыэлы Родэ FMA, якая разам з усім сёстрамі салезіянкамі смуткуе з прычыны смерці кс. Генрыха, які без рэшты прысвяціў сваё жыццё служэнню маладым і дарослым: усім, каго Пан Бог ставіў на яго шляху.

На заканчэнне супольнай малітвы біскуп Аляксандр Яшэўскі запэўніў прысутных у тым, што кс. Генрых, які пры жыцці быў для многіх духоўным айцом, пасля сваёй смерці стаў для ўсіх, каму патрэбна яго дапамога, нябесным заступнікам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.