Пошук

12.10.2020 10:34   Тэкст і фота: Ганна Абаева / Catholic.by

10 кастрычніка ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце ўзначальвае Камісію па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, адбылася цырымонія распачацця новага навучальнага года.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой маліўся за выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа. Удзельнікі Эўхарыстыі таксама маліліся аб хутчэйшым вяртанні на радзіму Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, ад якога біскуп Аляксандр перадаў усім прысутным прывітанне.

Ён павіншаваў выкладчыкаў на чале з дырэктарам каледжа кс. канонікам Янам Крэмісам і падзякаваў ім, а таксама ўсім тым, хто перадае веды, якія набліжаюць чалавека да пазнання Бога і Яго праўды.

«Дзяліцца тым, што сам маеш, з іншымі — гэта вельмі прыгожая хрысціянская справа. Кожная добрая справа павінна распачынацца з малітвы. Таму як веруючыя людзі мы распачынаем гэты новы навучальны год з Эўхарыстыі.

Жадаем выказаць падзяку Богу за дар каледжа, за дар выкладчыкаў, за дар навучэнцаў. Таксама жадаем прасіць, каб кожнага з нас, у нашых абавязках як перадаць веды, так і прыняць, Ён, добры і ласкавы Бог, благаславіў», — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У гаміліі іерарх разважаў на тэму любові; пра тое, што любіць вельмі няпроста, таму што любоў — гэта праца і боль, імкненне перамагчы свой эгаізм, бо прасцей ненавідзець, увесь час з кімсьці змагацца і шукаць сабе ворагаў.

«Папа Францішак, які сапраўды вучыць любові да кожнага чалавека, аднойчы сказаў, што ніводзін чалавек не прыйдзе да веры, пакуль не сустрэне на сваім жыццёвым шляху таго, на чыім твары ўбачыць ззянне вечнага жыцця.

Усе хрысціяне, а значыць, і мы з вамі — тыя людзі, на тварах якіх абавязкова павінна адлюстроўвацца ззянне гэтай новай евангельскай радасці, радасці вечнага жыцця. І гэтае ззянне — ззянне любові, любові міласэрнай, цярплівай да блізкіх, адзін да аднаго», — сказаў біскуп.

«Гэта цэнтр нашага хрысціянскага жыцця, нашага духоўнага жыцця, таму што людзі, якія нас акружаюць, якія, можа, толькі прыходзяць да веры альбо вяртаюцца да жыцця паводле яе, прыйшоўшы да нас, веруючых людзей, павінны былі проста акунуцца ў любоў, — дадаў іерарх. — На жаль, часта яны гэтага не знаходзяць, і пад знешняй чуласцю можа хавацца абыякавасць, а таксама эгаізм. І пад фіялетавай сутанай, і пад чорнай сутанай, пад габітам кансэкраванай асобы, пад вопраткай свецкага верніка можа хавацца жорсткае і халоднае сэрца».

Пастыр падкрэсліў, што катастрофа адбудзецца ў свеце тады, калі з чалавечых сэрцаў канчаткова знікне любоў, а калі чалавецтва хоча выжыць, то павінна зрабіць евангельскае вучэнне Хрыста сваім залатым правілам.

Падчас афіцыйнай часткі было абвешчана, што ў каледжы адбыліся новыя прызначэнні. Ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, шматгадовы выкладчык кананічнага права, стаў намеснікам дырэктара каледжа; дыякан Юрый Рашатко прызначаны мадэратарам навучання і выкладчыкам. Таксама выкладчыкамі сталі д-р Алена Шымак і кс. Уладзімір Марушэўскі TChr.

Новая выкладчыца Алена Шымак выступіла з дакладам на распачацце навучальнага года на тэму шматвяковай гісторыі Касцёла на Беларусі.

Дырэктар каледжа кс. канонік Ян Крэміс зрабіў справаздачу за мінулы навучальны год. Выпускнікамі каледжа сталі 11 чалавек, якія атрымалі розныя касцёльныя кваліфікацыі згодна з праграмай навучання.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў выпускнікам дыпломы, а першакурснікам — заліковыя кніжкі.

Навучэнцы павіншавалі новапрызначаных выкладчыкаў, выпускнікоў і першакурснікаў, а таксама падзякавалі тым выкладчыкам, якія завяршылі працу ў каледжы.

Сустрэча завяршылася супольным пачастункам, пасля чаго распачаліся першыя заняткі.

 

Абноўлена 13.10.2020 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця