Пошук

09.10.2020 07:36   Тэкст: Павел Догель / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

7 кастрычніка ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылася святая Імша з нагоды распачацця навучальнага года 2020–2021 на прапедэўтычным курсе Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Навучальны год распачынаюць на курсе ўжо ў трэці раз.

Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку да прысутных звярнуўся з прывітальным словам куратар падрыхтоўчага курса семінарыі кс. Павел Эйсмант і спевам гімну «Магутны Божа». Затым адбылася справаздача за мінулы год, які быў насычаны рознымі падзеямі, развіццём, паляпшэннем умоваў, якія спрыяюць навучанню і фармацыі семінарыстаў.

З лекцыяй на распачацце навучальнага года выступіў пробашч мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) кс. канонік Юрый Санько. Ён распавёў пра літургію ў сучасным Касцёле і яе выключную важнасць і неад’емнасць у жыцці кожнага верніка.

Да прысутных звярнуліся таксама біскуп Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерархі нагадалі семінарыстам, што менавіта яны з’яўляюцца будучыняй Касцёла. Падзяліўшыся сваім выключным вопытам семінарыйнага і святарскага жыцця, біскупы пажадалі студэнтам належным чынам выкарыстаць час ласкі, якім з’яўляецца семінарыйная фармацыя: чалавечая, інтэлектуальная, духоўная і пастырская.

Кожны з гэтых аспектаў, па іх словах, выключны і неад’емны ў жыцці кожнага святара, які павінен быць «усеагульна падкаваным» пастырам, каб спаўняць усе патрэбы тых, каго вядзе да збаўлення.

Словы былі скіраваны і да бацькоў семінарыстаў, бо бацькоўскае благаслаўленне і малітва маюць выключную моц.

Афіцыйная частка цырымоніі распачацця навучальнага года завяршылася супольным спевам студэнцкага гімну «Gaudeamus Igitur».

У гаміліі біскуп Алег Буткевіч нагадаў пра вялікую ролю і моц Маці Божай Ружанцовай у жыцці семінарыстаў. Ён адзначыў, што ўрачыстаць Маці Божай Ружанцовай была ўстаноўлена на ўспамін перамогі хрысціянскага флоту над турэцкімі войскамі пад Лепанта 7 кастрычніка 1571 г.

Іерарх распавёў, што турэцкі султан жадаў падпарадкаваць усю Еўропу і распаўсюдзіць на яе тэрыторыі мусульманскую веру. Папа Пій V, які глыбока шанаваў Маці Божую, пачуўшы пра набліжэнне вайны, пачаў са слязьмі ўзносіць гарачыя малітвы Марыі, даручаючы Ёй свой клопат падчас малітвы Ружанца. Ён убачыў, нібы апынуўся на месцы бітвы пад Лепанта, убачыў вялізныя флоты, якія рыхтаваліся да бітвы, а над імі Маці Божую, якая глядзела на яго спакойным позіркам.

Нечакана змена накірунку ветру зрабіла немагчымым манеўры мусульманаў і пачала спрыяць хрысціянскаму флоту. Так удалося стрымаць надыход туркаў у Еўропу. Біскуп Віцебскі дадаў, што ўдзельнікі бітвы з хрысціянскага боку маліліся перад бітвай на ружанцы, а ў Рыме праводзіліся працэсіі з ружанцовай малітвай да Дзевы Марыі аб перамозе над туркамі.

Іерарх падкрэсліў, што, такім чынам, гэта актуальна і сёння, бо Ружанец часта называюць зброяй, якая дазваляе перамагаць дэманаў і супрацьстаяць грахам.

Ён заахвоціў будучых святароў палюбіць Ружанец — хоць і вельмі складаную, але яшчэ больш прыгожую малітву, якая з’яўляецца сапраўднай «зброяй з неба».

Пасля Імшы адбылося асвячэнне невялікай семінарыйнай капліцы, у якой у любы час можна адароўваць Езуса Хрыста, і спартыўнай залы, дзе семінарысты могуць умацоўваць сваё фізічнае здароўе, чаму спрыяе наяўнасць шматлікіх трэнажораў і спартыўных прыладаў.

Завяршальным пунктам урачыстага дня стаў святочны абед для ўсіх запрошаных.

Абноўлена 09.10.2020 07:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.