Пошук

05.10.2020 16:57   Паводле: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by

3 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася цырымонія ўрачыстай інаўгурацыі новага навучальнага года, які ў жыцці навучальнай установы распачаўся ўжо ў 31-ы раз.

Як паведамляе Grodnensis.by, першая частка цырымоніі прайшла ў зале імя св. Яна Паўла ІІ. Традыцыйна прагучаў старадаўні рэлігійны спеў «Багародзіца». Усіх прысутных прывіталі прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі і рэктар кс. Віталь Вайцяхоўскі. Словы прывітання выказаў таксама Вялікі канцлер семінары біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх падкрэсліў, што семінарыя павінна быць духоўнай прасторай, якая заахвочвае маладых людзей да поўнага распазнання свайго паклікання, умацавання ў ім і дасягнення адпаведнай сталасці, каб дзякуючы моцы сакрамэнту пасвячэння кандыдат стаўся яркім вобразам нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, прысутнасць семінарыстаў у сценах гэтай навучальнай установы сведчыць пра тое, што яны адчулі ў сваіх сэрцах цудоўную ласку.

«Ад вас у вялікай меры залежыць, ці захаваеце вы яе і памножыце, ці не змарнуеце вялікага і выключнага дару, якім адарыў вас Бог, і ці вытрываеце на шляху да мэты, якая перад вамі», — дадаў біскуп.

Ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за 2019–2020 год, звярнуўшы таксама ўвагу на галоўныя моманты з жыцця семінарыйнай супольнасці ў гэтым навучальным годзе.

Інтэлектуальная фармацыя семінарыстаў з’яўляецца неад’емнай часткай у падрыхтоўцы да святарства. Лекцыю на распачацце навучальнага года прачытаў кс. Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе і выкладчык кананічнага права ў гродзенскай семінарыі. Святар распавёў пра дзейнасць каталіцкіх адукацыйных устаноў у межах дзяржаўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Радаснай падзеяй у межах цырымоніі было ўручэнне заліковых кніжак студэнтам першага курса.

Сёлета ў гродзенскую семінарыю былі залічаныя восем першакурснікаў.

Са словамі настаўлення да семінарыстаў звярнуліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які падкрэсліў важнасць найперш чалавечай фармацыі, і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які перадаў прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Галоўным пунктам падзеі стала ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Алег Буткевіч. Іерархі, выхаваўцы, семінарысты і госці, сярод якіх быў і «патрыярх» гродзенскай семінарыі ксёндз Ежы Лявінскі,  маліліся аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год і прасілі сіл, каб пераадолець усе цяжкасці на шляху фармацыі.

Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі засяродзіў увагу на чатырох узроўнях фармацыі да святарства: агульначалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай.

Ён падкрэсліў вялікае значэнне менавіта чалавечай фармацыі і заўважыў, што Божая ласка будуе на натуры чалавека.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскупы ўдзялілі благаслаўленне на новы навучальны год і заахвоцілі семінарыстаў памятаць, што «на іх людзі глядзяць як на будучыню Касцёла, таму варта набываць веды і ўсталёўваць кантакты з Богам, каб адпавядаць выклікам часу і патрабаванням людзей».

Завяршылася ўрачыстасць святочным абедам.

 

Абноўлена 05.10.2020 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа