Пошук

11.09.2020 12:01   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by

9 верасня ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне на заканчэнне перэгрынацыі фігуры святога Міхала Арханёла адбылася ўрачыстая Імша. Падчас яе асаблівым чынам маліліся аб дары міру і паяднання для ўсіх жыхароў нашай краіны, а таксама за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб яго хуткім вяртанні ў Беларусь.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага, святароў і вернікаў парафій горада.

Да малітвы ў гэтых важных для Каталіцкага Касцёла інтэнцыях далучыліся студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў ролю св. Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі, у імя якога ўпісаны страх перад злом і фальшывым ужываннем дару свабоды.

Іерарх адзначыў, што «д’ябал пастаянна намагаецца пераканаць нас, што Богу не важнае шчасце чалавека; што Бог хоча толькі, каб чалавек быў цалкам залежным ад Яго, а некаторыя кажуць нам, што маюць уласны, сучасны рэцэпт для шчасця».

«Чалавек не можа быць шчаслівы, калі адкідвае Бога, ігнаруе Яго прысутнасць, не лічыцца з Ім. Гісторыя, якая з’яўляецца настаўніцай жыцця, выразна паказвае, што тыя, хто марыў пабудаваць на зямлі рай без Бога, ствараюць пекла», — дадаў Генеральны вікарый дыяцэзіі.

Ён падкрэсліў, што таму кожны сучасны чалавек павінен пастаянна вучыцца мудра і па-Божаму выбіраць, умець адрозніваць дабро ад зла, праўду ад хлусні.

Гэта, па словах біскупа, нялёгкае заданне, бо, жывучы ў свеце, мы заўважаем змешванне паняццяў і каштоўнасцяў, а шмат хрысціян, ахрышчаных і выхаваных бацькамі, вярнулася да стану язычнікаў.

«Д’ябал ператварае чалавечыя сэрцы ў “цвярдыню”, паступова адбіраючы ў чалавека ўсе ключы, каб пазбавіць яго свабоды. Ён заглушае кожны сігнал, які ідзе ад Бога, калі чалавек кліча Яго на паратунак», — сказаў іерарх.

Таму, адзначыў ён, святы Міхал перасцерагае людзей ад гульні са злом і заклікае не ўхваляць грэх і не рабіць яго нормай жыцця.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пробашчу парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах кс. Ігару Лашуку, кусташу фігуры Князя войска нябеснага, якая здзяйсняе перэгрынацыю па ўсіх катэдрах Беларусі менавіта з горада над Нёманам.

Абноўлена 24.09.2020 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа