6 верасня, як і штогод у першую нядзелю восені, у парафіі Святога Духа ў гродзенскім мікрараёне Альшанка адбылося благаслаўленне школьных прылад.
На добры і плённы навучальны год школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, а таксама іх настаўнікаў, благаславіў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які з гэтай нагоды ўзначаліў у парафіі цэлебрацыю святой Імшы.
«Наша жыццё накіроўваюць два крылы. Адно з іх — гэта веды зямныя, якія мы атрымліваем у школе, а другое крыло — веды духоўныя, якія дае вера і Касцёл», — падкрэсліў у прамоўленым казанні іерарх. Растлумачыўшы важнасць гарманічнага развіцця асобы, ён заахвоціў дзяцей прыходзіць на катэхезы, каб вучыцца самаму галоўнаму — любові да Бога і бліжняга.
Пасля Імшы святары і сёстры законныя, якія нясуць служэнне ў парафіі, з дапамогаю моладзі арганізавалі для маленькіх вернікаў невялікае свята ведаў з гульнямі і танцамі, каб з добрым настроем увайсці ў новы навучальны год.