Пошук

07.09.2020 11:36   Тэкст і фота: а. Аляксандр Стока OCD / Catholic.by

5 верасня адбылася значная падзея для кармэліцкай супольнасці Беларусі: брат Андрэй ад святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса (Андрэй Луцкі) прынёс свае першыя манаскія абяцанні.

Брат Андрэй прынёс абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці паводле Статуту і Канстытуцыі Ордэну Братоў Босых Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у сваёй роднай парафіі Божага Цела ў Мінску.

Вітаючы ўдзельнікаў Эўхарыстыі, а. Сяргей Трысцень OCD падзякаваў усім прысутным айцам, сёстрам, прадстаўнікам Свецкага ордэну, родным, парафіянам і больш за ўсіх самому брату Андрэю за магчымасць быць сведкамі асаблівага яднання з Хрыстом і супольна прасіць, каб Бог дапамог яму верна выканаць тое, што ён абяцае.

Прынясенне абяцанняў братам Андрэем прыняў Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD.

У гаміліі ён узгадаў свае першыя крокі ў Кармэлі, выказаў радасць з таго, што і сёння прыходзяць маладыя людзі, якія хочаць жыць той жа харызмай, як і шмат гадоў таму.

«Сёння стаіць перед намі брат Андрэй ва ўрачыстай вопратцы, бо Пан запрашае яго ў высокія горы і заахвочвае, каб у гэты шлях з сабой нічога не браў, каб ішоў босы», — сказаў а. Пётр Фраштэнга. «Памылкова думаць, што, прыносячы манаскія абяцанні ў законнай сям’і, чалавек пазбаўляецца цяжкасцяў і ўвойдзе ў рай на Зямлі. Бог кліча нас у невядомае. Галоўнае — сустрэць Пана», — дадаў святар.

Рэгіянальны вікарый падкрэсліў, што манаскія абяцанні — гэта не абяцанні, што будзешь жыць свята і пабожна, а выраз свабоднага і абсалютнага дару ўласнага жыцця Богу. Ён пажадаў брату Андрэю не змарнаваць таго, што абяцае ў гэты дзень, а паглыбляць свае веды і імкненні ў супольнасці, давяраць Пану, які заўсёды ёсць і дзейнічае.

Брат, адказваючы на пытанні айца вікарыя, пацвердзіў сваю волю прынясення абяцанняў. Ён абяцаў яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць той спосаб жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве, якія абралі сабе Хрыстус Пан і Яго Маці, праз руплівае спаўненне наказаў Евангелля і захаванне Канстытуцыі сваёй законнай супольнасці рашуча і нястомна імкнуцца дасканала любіць Бога і бліжняга.

Свае абяцанні брат Андрэй падпісаў і паклаў на алтары.

На заканчэнне брат, перапоўнены радасцю, дзякаваў Богу за гэты дзень, які ўключыў яго ў сям’ю Кармэлю, з якой ён будзе падзяляць усё, што Бог падрыхтаваў для яго ў сваёй адвечнай любові. Словы падзякі ён выказаў айцам, якія працуюць або працавалі ў парафіі Божага Цела і непасрэдна прычыніліся да яго духоўнага развіцця, бацькам, сабратам і ўсім, хто прычыніўся да яго манаскай фармацыі.

Завяршылася цэлебрацыя спевам-малітваю Salve Regina.

 
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.