Пошук

03.09.2020 15:57   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

3 верасня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, было зачытана слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, скіраванае ім з выгнання.

Сабраныя на супольную малітву ксяндзы канонікі Мінскага катэдральнага капітулу, святары, якія да іх далучыліся, і прысутныя вернікі выслухалі слова арцыпастыра стоячы.

Яго зачытаў канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

Слова Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Ваша Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі, глыбокапаважаныя канонікі Мінскага катэдральнага капітула, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас усіх, сабраных у мінскай архікатэды Найсвяцейшага Імя Марыі на малітву ў інтэнцыі вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, які працягваецца ўжо чацвёрты тыдзень, і майго хутчэйшага вяртання на Радзіму да сваёй паствы. Дзякую за памяць і малітвы як у інтэнцыі нашай супольнай Бацькаўшчыны, так і за мяне.

Усе мы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і грамадства ў цэлым патрабуем перамен.

Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада з’яўляецца здаровай. Лацінскі выраз ясна кажа: Qui non progredit, regredit — «Хто не ідзе наперад, вяртаецца назад». Мы пакліканы развівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадскім жыцці. Бог стварыў свет добрым, але наказаў людзям яго ўдасканальваць, што павінна адбывацца ва ўсіх сферах нашага жыцця.

Апынуўшыся ў складанай, нябачанай дагэтуль у нашай гісторыі сітуацыі, Беларусь патрабуе перадусім адказнага духоўнага падыходу, які грунтуецца на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла. Нам неабходна вырашаць не толькі палітычныя, эканамічныя і грамадскія праблемы, але і духоўныя.

Пакуль грамадства не будзе прытрымлівацца базавых маральных нормаў, асноўнай з якіх з’яўляецца прынцып нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сам, яно не зможа вырашыць сваіх праблем і гарманічна развівацца.

А для гэтага найперш патрэбна малітва, якая мае моц «дастукацца» да Нябёсаў. У часы ваяўнічага атэізму на працягу трох пакаленняў наш народ трывала маліўся і атрымаў Божы дар свабоды. Цяпер неабходна працягваць маліцца, каб згодна з Божай воляй карыстацца гэтым дарам. Свабода — гэта не толькі дар, але адначасова і адказнасць. Божы закон нам дадзены не для таго, каб яго змяняць, але каб ён нас змяняў да лепшага.

Ад усяго сэрца дзякую за памяць і малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і маёй сціплай асобы. Спадзяюся, што праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусь, будуць вырашаны мірным шляхам. Таксама спадзяюся на маё хуткае вяртанне на Радзіму, каб зноў быць разам з вамі і служыць Касцёлу ў Беларусі непасрэдна, а не з-за мяжы.

Сумеснымі намаганнямі і з Божай дамогай зробім усё магчымае для таго, каб наша Радзіма развівалася ў праўдзе, справядлівасці і ўзаемнай любові, якая перавышае ўсё.

Даручаючы ўсіх вас апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Арханёла Міхала ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 

Беласток, 3 верасня 2020 г., успамін св. Грыгорыя Вялікага

Абноўлена 24.09.2020 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця