Пошук

02.09.2020 12:54   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Віктар Ведзень

Рэспубліканскае аб’яднанне супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля выказала абурэнне тым, што арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.

Адкрыты зварот евангелісцкай супольнасці быў апублікаваны 1 верасня на сайце РАС ХПЕ Gospel.by. У ім, у прыватнасці, сказана:

«Аб’яднанне хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь выказвае абурэнне ў сувязі з адмовай ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь Мітрапаліту арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які ўздымаў свой голас у абарону міру, міласэрнасці і адзінства, асуджаючы насілле, падман і нянавісць.

Гэта з’яўляецца духоўным і маральным абавязкам кожнага рэлігійнага служыцеля, а не палітычнай дзейнасцю

Бог у сваім слове ясна кажа пра тое, што кожны чалавек дасць адказ перад Ім за свае справы. І пакуль ёсць магчымасць, чалавеку неабходна пакаяцца ў граху і выбраць следаванне справядлівымі шляхамі Божымі.

Згодна з Бібліяй, грамадзянская ўлада паклікана падтрымліваць дабро і караць зло. Калі ж грамадзянская ўлада паступае наадварот, то яна не выконвае свайго прызначэння ад Бога.

Мудрым рашэннем будзе не перашкаджаць святарам выконваць служэнне, да якога паклікаў іх Бог і прыслухоўвацца да іх, каб не стаць змагарамі з Богам.

Мы выказваем падтрымку нашым братам у Езусе Хрысце, католікам Беларусі і <…> молімся аб хутчэйшым вырашэнні непаразумення, звязанага з перашкодаю арцыбіскупскаму служэнню Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусі».

Зварот падпісалі епіскап РАС ХПЕ у РБ Леанід Вараненка, Рада епіскапаў і служыцеляў Аб’яднання.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі выказаў падзяку братам у Хрысце за тое, што ў гэтай складанай сітуацыі яны падтрымліваюць Касцёл у Беларусі словам і супольнай малітвай.

«Гэта сведчанне таго, што мы сёння, як і хрысціяне апостальскіх часоў, „адзіныя сэрцам і душою“ (пар. Дз 4, 32)», — дадаў іерарх, які ва ўмовах вымушанай адсутнасці арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ажыццяўляе пастырскае кіраванне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Абноўлена 24.09.2020 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.