29–30 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся Дні малітвы падзякі Маці Божай Тракельскай за атрыманыя дары.
Як паведамляе партал Grodnensis.by, таксама ў гэты час у санктуарыі вернікі маліліся аб міры ў нашай краіне і дары паяднання для ўсіх грамадзян на шляху дыялогу, у духу ўзаемнай павагі і клопату пра супольнае дабро.
У межах сустрэчы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Гэта было вельмі сімвалічным, бо ў месцы, дзе асаблівым чынам моляцца за сем’і і аб святасці для іх, сужэнцы нагадалі сабе пра прыгажосць любові, якой былі адораны Богам, заключыўшы свой сакрамэнтальны саюз.
30 жніўня ў межах Дзён малітвы падзякі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новую капліцу ў гонар св. Яна Паўла ІІ.
Асвячэнне сімвалічна адбылося ў той год, калі адзначаецца 100-годдзе нараджэння Вялікага Папы. Новая капліца, у якой знаходзяцца рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, размешчана пад палявым алтаром, дзе цэлебруюцца ўрачыстыя літургіі для пілігрымаў.
Таксама 30 жніўня біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне Дзён малітвы падзякі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што да Маці Божай чалавек звяртаецца найчасцей у цяжкія, пакутлівыя хвіліны, тады, калі адчувае сябе слабым і бездапаможным, бо ў такія моманты вера, надзея, давер Пану выпрабоўваюцца. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў Найсвяцейшую Панну Марыю самым дасканалым прыкладам поўнага, бескарыслівага прысвячэння жыцця Богу, які трэба старацца наследаваць.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных да руплівай малітвы за нашу краіну і аб дары паяднання для ўсіх грамадзян, a таксама за ўсе сем’і Гродзенскай дыяцэзіі, каб не было падзелаў, а запанаваў мір і еднасць.