Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв’ю польскаму хрысціянскаму тэлеканалу TV Trwam, у якім расказаў пра тое, як Касцёл на Беларусі бачыць сітуацыю ў краіне, што склалася пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў.
Тэкст размовы з беларускім іерархам быў апублікаваны на партале польскага «Радыё Марыя».
На думку арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускі народ «дарос да таго, каб адстойваць свае правы, і гэта ўжо іншае пакаленне, чым 26 гадоў таму».
«Ёсць падставы меркаваць, што выбары праходзілі несумленна <…> Касцёл у Беларусі хоча мірнага вырашэння.
Я некалькі разоў звяртаўся ад канферэнцыі біскупаў па гэтым пытанні, каб шляхам міру, шляхам паразумення, шляхам круглага стала сесці і вырашыць гэтыя праблемы. Я заклікаў да пакаяння ўсіх тых, хто быў вінаваты, бо гэта так, і мы не адны. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква выступаюць з падобнымі прапановамі. Два дні таму адбылася змена кіраўніцтва ў Праваслаўнай Царкве ў Беларусі. Новы Мітрапаліт кіруе свае першыя звароты да вернікаў, да Божага народа, і таксама перадусім заклікае да перамены сэрцаў, да пакаяння, бо без гэтага не вырашыць праблем», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх дадаў, што было арганізавана міжрэлігійнае набажэнства з удзелам католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, юдэяў і мусульманаў, удзельнікі якога маліліся аб мірным вырашэнні канфлікту ў Беларусі.
«Ёсць падзелы. Грамадства сёння падзялілася, і гэта — вельмі вялікая небяспека, бо людзі часта не чуюць голасу Касцёла, што, нягледзячы на цяжкасці, нягледзячы на тое, што людзі пацярпелі, аднак хрысціянскі падыход павінен быць такім, каб прабачыць. Я баюся, што можа дайсці да звядзення рахункаў, а гэта пагражае грамадзянскай вайной.
Напэўна, прабачыць нялёгка, але я заўсёды нагадваю словы Хрыста, сказаныя на крыжы: „Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць“.
Часам дзеянні міліцыі ці спецыяльных служб бывае цяжка зразумець. Напрыклад, у Чырвоным касцёле заблакавалі ўсе ўваходы. Там знаходзіліся людзі, якія маліліся і не маглі выйсці, бо іх там пэўны час трымалі. Каму такое спатрэбілася? Незразумела. Праз нейкі час усе выйшлі. Гэта вядзе да непатрэбнага падзелу ў грамадстве, і гэта вельмі небяспечна. Сёння беларускае грамадства вельмі моцна падзелена», — заўважыў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Гаворачы пра магчымае далейшае развіццё сітуацыі ў Беларусі, іерарх зазначыў, што многія рэчы выклікаюць занепакоенасць.
«З аднаго боку, прадстаўнікі ўлады, а з другога — апазіцыя. Але сёння ў гэтай апазіцыі, шчыра кажучы, няма лідара. Мы таксама не ведаем, якія каштоўнасці яны прадстаўляюць. Таму ў сваім звароце да нашых вернікаў перад выбарамі я звярнуў увагу на тое, што неабходна глядзець не толькі на палітычныя праграмы, эканамічныя і сацыяльныя аспекты і г.д., але таксама на тое, якія духоўныя каштоўнасці прадстаўляе той ці іншы кандыдат.
Мы бачым, што ніхто з іх не казаў пра духоўныя каштоўнасці, таму гэта нас вельмі непакоіць. Людзі змагаюцца за дэмакратыю, змагаюцца за тое, каб выбары былі справядлівымі, змагаюцца за супольнае дабро, але на якім падмурку далей будаваць будучыню? Што стане гэтым падмуркам? Лібералізм, які, як мы сёння бачым, не вядзе да духоўнага дабра? З жыцця чалавека „вымытыя“ духоўныя каштоўнасці. І гэта нас вельмі моцна непакоіць. Гэта непакоіць таксама Праваслаўную Царкву і пратэстанцкія супольнасці», — сказаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Ён заўважыў, што ў беларускім грамадстве застаюцца наступствы атэістычнай савецкай сістэмы.
«Спачатку ўплыў атэізацыі, якая працягвалася тры пакаленні. Грамадства па-рознаму ставіцца. Праваслаўная Царква большая за Каталіцкі Касцёл, але вельмі вялікі працэнт людзей складаюць няверуючыя.
Вялікае заданне ўсіх цэркваў, усіх рэлігійных груп — даць чалавеку штосьці іншае. Каб ён не толькі шукаў матэрыяльных рэчаў ці думаў пра тое, куды паехаць на адпачынак, жывучы філасофіяй свабоды без адказнасці, што з’яўляецца вялікай катастрофай, але каб будаваў сваё жыццё на духоўных каштоўнасцях», — зрабіў выснову Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На заканчэнне ён дадаў, што разам з адносінамі з Расіяй Беларусь павінна імкнуцца да захавання свайго суверэнітэту.