Пошук

17.08.2020 12:31   Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Святлана Татур / Catholic.by

15 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах адбылася адпустовая ўрачыстасць, на якую сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і госці з іншых парафій.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У гаміліі іерарх на прыкладзе Багародзіцы звярнуў увагу на моц жанчыны, якая заключаецца ў сіле любові, непахіснай веры і даверу Богу нават у самых складаных жыццёвых абставінах.

«На прыкладзе Марыі мы бачым адносіны нашых мам. Кожная мама будзе рабіць усё магчымае для сваіх дзяцей. Марыя, наша Маці, ніколі не пакіне таго, хто да Яе звяртаецца. Таму наша малітва праз заступніцтва Марыі мае велізарную сілу», — адзначыў біскуп Юрый.

Іерарх таксама падкрэсліў вялікую ролю жынчын у грамадстве.

«У сённяшняй складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне мы бачым малітву нашых жанчын, якія моляцца аб спыненні кравапраліцця і аб супакоі.

Мы бачым жанчын, якія перамагаюць сілай любові і веры. Мы бачым адважных жанчын, якія не баяцца выходзіць на вуліцы нашых гарадоў, каб супрацьстаяць хлусні і гвалту ў нашай краіне. Гэтыя жанчыны — героі нашага часу», — сцвердзіў іерарх.

 

Біскуп заахвоціў усіх вернікаў маліцца аб моцнай веры для нашай краіны, аб супакоі, згодзе, міласэрнасці і прабачэнні.

«Наша малітва можа здзейсніць вялікія цуды ў нашым краі. Калі просім Бога ад душы, ад сэрца, то атрымаем, бо Бог хоча нашага шчасця», — запэўніў пастыр.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў кветкі, зёлкі і першыя плады новага ўраджаю — плён працы рук парафіянаў.

Пры гэтым ён пажадаў вернікам, каб сонейка веры, надзеі і радасці напаўняла гэтую святыню і каб кожны, хто ў яе ўваходзіць, адчуваў дотык Бога і дотык Марыі. Парафіяне разам са сваім душпастырам айцом Аляксеем Рамановічам OFM вельмі ўдзячныя біскупу Юрыю за яго прысутнасць, супольную малітву, а таксама за слова, якое кранула сэрцы.

Абноўлена 17.08.2020 13:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа