У розных мясцінах Беларусі каталіцкія святары стараюцца сваёй прысутнасцю ў духоўным адзенні стрымаць насілле на вуліцах.
Увечары 9 жніўня гэта рабілі душпастыры катэдральнай парафіі ў Гродне. Галоўная святыня горада над Нёманам заставалася адчыненай для малітвы.
Таксама ксяндзы марыяне, якія нясуць служэнне ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, выйшлі да людзей, сабраных на вуліцы горада, каб не дапусціць насілля паміж удзельнікамі пратэстаў і сілавікамі.
Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook 11 жніўня напісаў былы праваслаўны святар блогер Аляксандр Шрамко.
Як паведамляе подпіс пад здымкам, жодзінскія святары проста заставаліся з людзьмі і прасілі нікога не чапаць.
У апублікаваным 11 жніўня Звароце кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў спыніць насілле і распачаць дыялог, а таксама маліцца за Беларусь.