На адным з каналаў інтэрнэт-платформы YouTube з’явіўся відэакліп на спеў беларускай спявачкі Аляксандры Салавейчык, які змяшчае сцэны эратычнага характару, а таксама сцэны, знятыя ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
У сувязі з гэтым Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведамляе, што правядзенне прафесійных фота- і відэаздымкаў у касцёлах, капліцах, іншых месцах культу і на прылеглай да іх тэрыторыі магчыма толькі са спецыяльнага дазволу касцёльных уладаў. На правядзенне здымкаў, выкарыстаных у згаданым відэакліпе, Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пробашч парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску дазволу не давалі.
У сувязі з гэтым Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заяўляе свой рашучы пратэст аўтарам відэакліпа.
Касцёл — гэта сакральнае месца для малітвы, а ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, які захоўваецца на алтары, знаходзіцца Езус Хрыстус, якому мы пакланяемся. Прадстаўленыя ў кліпе сцэны з’яўляюцца блюзнерчымі ў адносінах да Каталіцкага Касцёла і святога месца, якім з’яўляецца храм. У сувязі з гэтым яны нясуць у сабе абразу пачуццяў вернікаў.
Каталіцкі Касцёл ва ўсе часы падтрымлівае і развівае культуру. Ён з’яўляецца захавальнікам сусветных скарбаў сакральнага мастацтва, адкрытага для ўсяго свету. У сваім імкненні быць свабодным мастацтва павінна несці ў свет маральныя каштоўнасці. Корань слова культура — гэта культ, што сведчыць пры яе высокае духоўнае прызначэнне.
Спрыяючы развіццю мастацтва і культуры, Каталіцкі Касцёл заклікае іх дзеячаў у будучыні ўстрымлівацца ад падобных дзеянняў і спадзяецца на плённае і згоднае супрацоўніцтва дзеля дабра нашага народа і яго духоўнага ўдасканалення.
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі