Пошук

28.07.2020 12:44   Тэкст: Надзея Бука / Catholic.by
Фота: Генадзь Бука

27 ліпеня Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заявіла рашучы пратэст аўтарам відэакліпа, сцэны якога былі без дазволу знятыя ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску і абражаюць рэлігійныя пачуцці вернікаў.

Парафіяне найстарэйшай каталіцкай супольнасці беларускай сталіцы абураныя кліпам, які, нягледзячы на папярэджанне пра недапушчальнасць яго публічнай дэманстрацыі, ўсё ж такі выйшаў на прастору інтэрнэта. Невядома, з якіх прычын спявачка Аляксандра Салавейчык вырашыла здымаць відэа з такім брудным сэнсам у мурах святыні, але ўжо назад гэтага не вернеш.

Хоць пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько ад імя вернікаў прасіў не распаўсюджваць кліп, відаць, жаданне таннай папулярнасці з дапамогай скандалу і «хайпу» перамагло пачуццё сораму і годнасці. Магчыма, выканаўца не надта ўпэўнена ў сваіх творчых здольнасцях, таму і пайшла на такі сумніўны з маральнага пункту гледжання і па-чалавечы непрыгожы крок.

У нядзелю 16 жніўня з нагоды парафіяльнай урачыстасці святога Роха ў залатагорскай святыні адбудзецца адмысловае экспіяцыйнае набажэнства — малітва перапрашэння за знявагу святога для многіх пакаленняў мінчан месца, дзе пахаваныя нашыя продкі.

У гэты дзень святары і вернікі будуць маліць Бога аб прабачэнні за ўчынены ў касцёле грэх святатацтва.

Абноўлена 28.07.2020 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа