Пошук

17.07.2020 12:03   Тэкст і фота: с. Ганна Луцкая OCDS / Catholic.by

16 ліпеня сталічная парафія Божага Цела, якой апякуюцца айцы кармэліты босыя, адсвяткавала адпустовую ўрачыстасць Маці Божай з гары Кармэль.

Кульмінацыяй святкавання стала Эўхарыстыя, якая адбывалася на палявым алтары. На ўрачыстасці сабраліся шматлікія вернікі і прыхільнікі кармэліцкай духоўнасці, якія ў гэты дзень захацелі прадставіць Пану Богу ўсе свае просьбы праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай, Каралевы і Аздобы Кармэлю.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў новапрэзбітэр кс. Павел Сідарэнка.

Вітаючы прысутных айцоў, святароў, сясцёр, прадстаўнікоў свецкага ордэну і парафіянаў, ксёндз Павел выказаў радасць ад гэтай сустрэчы і магчымасці разам ушаноўваць Панну Марыю. Новапрэзбітэр прапанаваў удзельнікам урачыстасці паразважаць над тым, чым з’яўляецца шкаплер. Ён нагадаў, што кармэліцкі шкаплер — знак апекі і заступніцтва Марыі, нашай Каралевы і Маці.

Шкаплер уводзіць у рэчаіснасць духоўнага мацярынства Марыі, якая заўсёды клапацілася пра тых, хто быў побач, і працягвае клапаціцца пра кожнага чалавека, які імкнецца навярнуцца.

Святар дадаў, што сучасныя маці павінны браць прыклад з Марыі, калі хочуць выхаваць сапраўды добрых дзяцей. У якасці прыкладу ён распавёў гісторыю дзвюх маці, якія гадавалі дзяцей. У адной сям’і дзіця жыло ў матэрыяльным дастатку, атрымала найлепшую адукацыю, але не спазнала мацярынскай любові і апекі. У другой сям’і маці не магла даць шмат матэрыяльных рэчаў, але была побач на кожным кроку, была гатовая дапамагчы і падтрымаць позіркам, усмешкай, парадай. Хто з іх вырас шчаслівым?

Напрыканцы кс. Павел прапанаваў вернікам, каб, прымаючы шкаплер, яны ўявілі, што атрымліваюць яго з рук сваёй маці, і прынялі як самае дарагое, што можа даць маці свайму дзіцяці.

Урачыстасць завяршылася словамі падзякі ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі парафіяльнага адпусту. Парафіяне падзякавалі новапрэзбітэру за прысутнасць, пажадалі плённай працы на ніве Пана і абяцалі яму сваю малітву.

Ксёндз Павел Сідарэнка пасля заканчэння Эўхарыстыі ўдзяліў вернікам прыміцыйнае благаслаўленне.

Пасля Імшы ва ўсіх жадаючых была магчымасць прыняць святы шкаплер з рук айцоў кармэлітаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа