Пошук

01.07.2020 15:29   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Апоўдні 1 ліпеня ў Будслаў прыбылі ўдзельнікі прыватнай мотапілігрымкі святароў. У Нацыянальным санктуарыі яны сустрэліся са сваімі братамі, якія ішлі сюды пешкі.

Тры святары і адзін брат законны выйшлі пехатою з Баранавічаў у дарогу да Маці Божай Будслаўскай 23 чэрвеня і на восьмы дзень дасягнулі мэты. Іх прыватная пілігрымка была арганізавана толькі ўласнымі сіламі.

Пераадольваючы штодзённы шлях — у сярэднім каля 30–35 км, — яны маліліся ў інтэнцыях, якія ім дасылалі вернікі.

Пасля кранальнага моманту малітвы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, адзін з удзельнікаў пілігрымкі айцец Яўген Голуб OFM замест адпачынку адразу пачаў дапамагаць у апошніх прыгатаваннях да фэсту.

…Нізкі гул матораў на плошчы перад базылікай абвясціў аб прыбыцці пілігрымкі ксяндзоў-байкераў. Зрабіўшы кола гонару вакол Чырвонай плошчы, святары прыпаркавалі жалезных коней каля ўваходу ў святыню, каб прывітаць Нябесную Матулю ў Яе будслаўскай іконе.

Па дарозе ў Нацыянальны санктуарый кс. Павел Ярашэвіч, кс. Юрый Медушэўскі і кс. Юзаф Парфяновіч, якія вырушылі на байках з Лагішына 27 чэрвеня, наведалі мясціны беларускай зямлі, дзе асаблівым чынам ушаноўваецца Маці Божая.

Святары стартавалі ад лагішынскага санктуарыя Каралевы Палесся, маліліся перад цудадейнымі абразамі Маці Божай у Брэсце, Тракелях, Гудагаі, Браславе, Бялынічах і, нарэшце, у Будславе. Па дарозе яны таксама збіралі малітоўныя інтэнцыі вернікаў, каб скіраваць іх да Бога праз заступніцтва Багародзіцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.