Пошук

01.07.2020 20:46   Тэкст: Анастасія Грышан, Мікола Гракаў / Фота: С. Таццяна Стасюкевіч / Catholic.by

1 ліпеня ў Будславе распачаліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці. Цэлебрацыю святой Імшы ўвечары ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Разам з ім канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, а таксама святары — прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій на Беларусі.

У год святога Яна Паўла ІІ інтэнцыя першай Імшы ў Нацыянальным санктуарыі была за спачылых святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія прычыніліся да адраджэння Касцёла на нашых землях пасля доўгага перыяду пераследу веры.

У Імшы ўзялі ўдзел каля трохсот вернікаў. Сярод іх былі таксама пілігрымы, якія, хоць агульнанацыянальны Будслаўскі фэст быў з-за пандэміі перанесены на пазнейшы час, прыбылі ў санктуарый у індывідуальным парадку, каб ушанаваць Маці Божую. Да іх з дапамогаю прамой трансляцыі духоўна далучыліся яшчэ некалькі соцень вернікаў з усёй Беларусі і з розных краін свету.

На пачатку літургіі, вітаючы прысутных, біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што Найсвяцейшую Панну Марыю Будслаўскую, Апякунку Беларусі, наш народ спрадвеку праслаўляў у гэтым абразе. Кожны год у ліпені ў Будслаў прыбываюць вернікі, каб пакланіцца Ёй. Іерарх дадаў, што вялікае значэнне ў перажыванні гэтых урачыстасцяў маюць пешыя пілігрымкі, якія назваў «знакам, што на Беларусі Бог жыве і любоў да Маці Божай усё больш умацоўваецца ў сэрцах і душах Яе дзяцей».

Біскуп падзякаваў усім, хто прыбыў у Будслаў, за адвагу, каб у сітуацыі эпідэміі сведчыць пра сваю веру і каштоўнасці, якіх сёння асабліва патрабуе сучасны свет. Ён заклікаў маліцца перад Будслаўскім абразом аб ласцы спынення эпідэміі, моцы Божай для лекараў і ўсяго медперсаналу, аб ласцы здароўя для хворых, ласцы неба для памерлых, дары суцяшэння і веры ў вечнае жыццё для тых, хто перажывае смерць блізкіх.

Дэвізам сёлетняй урачыстасці, якая праходзіць у год 100-гадовага юбілею нараджэння святога Яна Паўла ІІ, сталі словы яго біскупскага і папскага служэння: «Марыя, я ўвесь Твой».

Таму іерарх асабліва запрасіў да малітвы ў інтэнцыі спачылых святароў, кансэкраваных асобаў, дабрачынцаў, якія адгукнуліся на заклік Яна Паўла ІІ прыйсці з дапамогай Касцёлу на Беларусі ў часы яго адраджэння.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што праз свой гімн Magnificat «Марыя пакланяецца Божай дабрыні ў адносінах да Яе, падкрэсліваючы, што Бог таксама добры да ўсіх людзей». «Бог клапоціцца пра ўсіх, хто служыць Яму добрасумленна. З іншага боку, ганарыстых і тых, хто спрабуе абысціся ў жыцці без Яго, Бог прыніжае і карае, як гэта было раней у гісторыі абранага народа», — дадаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што абавязак пакланення Богу вынікае з адносін залежнасці стварэнняў ад Бога.

«Увесь свет пакланяецца Богу па-свойму. Неразумныя істоты пакланяюцца Богу праз выкананне свайго прызначэння, вызначанага ім Творцам свету. Сонца свеціць і грэе, тым самым пакланяючыся Богу. Зямля прыносіць плён і корміць нас, пакланяючыся такім чынам Богу. Усе неразумныя істоты пакланяюцца Богу, бо яны выконваюць сваё прызначэнне, вызначанае ім Богам, такім чынам яны з’яўляюцца адлюстраваннем дасканаласці Бога. Чалавек як разумная істота не можа быць выключэннем з гэтага правіла, але ён павінен свядома пакланяцца Богу», — адзначыў біскуп.

Іерарх патлумачыў розніцу паміж чалавекам і неразумнай істотай: «Неразумнае стварэнне пакланяецца Богу праз выкананне Ягонай волі, дастасоўваючыся да фізічных законаў, накладзеных на яго Богам, але чалавек павінен свядома пакланяцца Яму ў адпаведнасці са сваёй разумнай прыродай. Такім чынам, той, хто выконвае Божыя запаведзі, пакланяецца Богу».

«Пакуль чалавек шануе маральны закон, ён цешыцца шчасцем у свеце. У момант, калі чалавек скажа: „Пане Божа, я не буду прытрымлівацца Тваіх запаведзяў, але буду красці, крыўдзіць, абмаўляць і жыць паводле пажадлівасці“, — з гэтага моманту адбываецца катастрофа. Уся нянавісць, крыўда, пакуты, слёзы, забойствы і розныя злачынствы — гэта справа парушэння маральнага парадку, гэта значыць вынік адмаўлення пашаны да Бога. Такім чынам, калі мы парушаем Божы закон, мы адмаўляем Богу ў пашане і рыхтуем сабе гібель», — падкрэсліў біскуп.

Ён нагадаў, што Найсвяцейшая Панна Марыя пакланялася Богу праз малітву і выкананне Ягонай святой волі. Іерарх заклікаў усіх вернікаў таксама быць «Божымі слугамі праз добрасумленнае выкананне Ягонай волі».

«Кожная думка, кожны рух сэрца, кожнае нашае дзеянне павінны праслаўляць Бога. Усё жыццё павінна быць адным вялікім гімнам Magnificat. Для гэтага нам патрэбна шмат Божай дапамогі.

Давайце часта прасіць Найсвяцейшую Маці наведваць нас з ласкамі, неабходнымі для пераадолення нашых пажадлівасцяў і іншых перашкод на шляху да дабра. Але з нашага боку будзем прыкладаць шмат намаганняў у гэтым кірунку. І Найсвяцейшая Панна Марыя, убачыўшы нашы добрыя намеры і намаганні, безумоўна, не пакіне нас, але горача будзе маліцца за нас да свайго Сына, — сказаў біскуп. — І, калі з дапамогай Марыі ўсё наша зямное жыццё стане працягам Magnificat, мы можам спадзявацца, што некалі пры кананні Маці Божая наведае нас з найвялікшай ласкай добрай смерці і адкрые нам неба».

Абноўлена 03.07.2020 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа