27 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне чатыром дыяканам, трое з якіх з’яўляюцца выпускнікамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а адзін — выпускніком Вышэйшай духоўнай семінарыі рэдэмптарыстаў у Тухаве (Польшча).
Пасвячэнне ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне атрымалі дыяканы Яўген Амасёнак, Андрэй Струкель, Томаш Мікалайчык i Максім Лабкоў з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты).
Як паведамляе партал Grodnensis.by, урачыстая Імша сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, найперш з Ліды, Слоніма і Парэчча, адкуль паходзяць новапрэзбітэры. Прысутнічалі таксама іх бацькі і родныя.
У гаміліі біскуп Aляксандр Кашкевіч нагадаў кандыдатам абавязкі, якія вынікаюць з прыняцця пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.
«Ад імя Хрыста Настаўніка вы будзеце спаўняць працу настаўніцкага служэння ў давераным вам маштабе. Усім абвяшчайце Слова Божае, якое самі з радасцю прынялі. Разважайце над законам Божым, верце ў тое, што прачытаеце, навучайце таму, у што верыце, і спаўняйце тое, чаму іншых будзеце навучаць», — дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб іх навука была заўсёды пасілкам для народу Божага, а святасць іх жыцця стала крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста.
«З нястомнай радасцю і праўдзівай любоўю спаўняйце працу служэння Хрыста Святара, шукаючы не карысці ўласнай, а Яго хвалы», — дадаў біскуп Кашкевіч.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, родным, сваякам новых святароў за верy, якую новапасвячаныя вынеслі з родных дамоў.
Ксёндз Яўген Амасёнак ад імя тых, хто прыняў пасвячэнне, выказаў удзячнасць усім, хто падтрымліваў іх на шляху да Хрыстовага алтара, і папрасіў аб далейшым малітоўным спадарожнічанні.
«Усім новапасвячаным жадаем, каб здолелі сваім жыццём пераконваць свет у прыгажосці Евангелля; каб былі доказам таго, што ззянне Добрай Навіны мацнейшае за цемру зла.
У іх жыцці на першым месцы няхай заўсёды будзе Хрыстус, бо толькі з Ім будуць здольныя любіць людзей Яго любоўю, а руплівае абвяшчэнне Евангелля няхай іх саміх зробіць Добрай Навіной для свету», — адзначае Grodnensis.by.
Ксёндз Яўген Амасёнак нарадзіўся 8 сакавікa 1987 г., паходзіць з парафіі св. Андрэя, апостала, у Слоніме.
Ксёндз Aндрэй Струкель нарадзіўся 19 лістападa 1993 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
Ксёндз Томаш Мікалайчык нарадзіўся 1 красавікa 1996 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
Айцец Максім Лабкоў CSsR нарадзіўся 2 жніўня 1988 г., паходзіць з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы.