Пошук

26.06.2020 16:10   Паводле: Grodnensis.by / Catholic.by

У санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях пешшу ідзе святар і едуць на роварах законніцы.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Андрэй Белаблоцкі частку свайго летняга адпачынку вырашыў прысвяціць індывідуальнай пешай пілігрымцы.

Паколькі з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізаваныя пілігрымкі адменены, малады святар адзін ідзе ў Тракелі ў сутане і з заплечнікам, у якім змясціліся ўсе патрэбныя пілігрыму рэчы на чатыры дні дарогі.

Перад тым, як распачаць шлях з Гродна ў Тракелі, ён атрымаў благаслаўленне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на гэтую пабожную справу — своеасаблівыя «рэкалекцыі ў дарозе».

У такі самы шлях з Гродна ў Тракелі, але на роварах, вырушылі таксама тры законніцы — дзве ядвіжанкі і адна шанштатка.

Да іх прыватнай велапілігрымкі ў санктуарый Каралевы нашых сем’яў далучыліся таксама дзве свецкія асобы, якія вырашылі прысвяціць гэтую дарогу малітве за свае сем’і.

У дарогу велапілігрымы вырушылі 25 чэрвеня. У першы дзень яны планавалі даехаць з Гродна да Астрына, але пасля таго, як пераадолелі 50 км, у іх было яшчэ шмат сіл, таму вырашылі не спыняцца і дабраліся да Новага Двара.

У другі дзень велапілігрымы плануюць быць у Тракелях.

У санктуарыі ўдзельнікі велапілігрымкі хочуць даручыць усе свае інтэнцыі Маці Божай.

Гэта прыватныя справы, пра якія яны хочуць сказаць выключна Панне Марыі. Сястра Францішка, ядвіжанка, падзялілася, што адна з інтэнцый, з якой яна едзе ў Тракелі, — малітва аб святасці святароў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.