На сайце парафіі святога Андрэя, апостала, ў Нарачы (Мядзельскі дэканат) распачаўся запіс у 25-ю юбілейную пілігрымку Нарач–Будслаў.
Хоць агульнанацыянальны Будслаўскі фэст, планаваны на 3–4 ліпеня, перанесены на пазнейшы час, юбілейная пілігрымка Нарач–Будслаў адбудзецца, але ў іншым фармаце.
Як зазначаецца на нарачанскім парафіяльным сайце Naracz.by, час пандэміі вымушае знаходзіць новыя формы малітвы і праслаўлення Бога, новыя шляхі пілігрымавання, каб адшукаць сапраўдную Божую любоў і сябе самога ў вялікім Божым плане, які пераўзыходзіць чалавечае разуменне.
Бо хто такі пілігрым? Арганізатары нарачанскай пілігрымкі ўпэўнены, што пілігрым — гэта не толькі той чалавек, які ідзе пешшу ў святыя мясціны.
Пілігрым — гэта чалавек, які няспынна моліцца і праслаўляе Пана Бога, сведчыць пра Яго дабрыню і міласэрнасць сваім жыццём і не губляе веры і надзеі нават у такі складаны час, якім з’яўляецца пандэмія.
Як стаць духоўным пілігрымам 25-й юбілейнай пілігрымкі Нарач-Будслаў? Для гэтага, як сцвярджае шматгадовы арганізатар пілігрымак у Будслаў Ірына Шнітоўская, дастаткова толькі мець паставу евангельскага дзіцяці.
Скептыкі могуць запярэчыць: «Што гэта за пілігрымка без фізічнай прысутнасці, без мазалёў, поту, спеваў, якія чуваць здалёк?..»
Але кожнаму даецца па яго веры, упэўнена спадарыня Ірына.
Агульная інтэнцыя нарачанскай пілігрымкі — просьба аб спыненні каранавірусу ў свеце і Беларусі, а таксама аб Божым благаслаўленні і апецы Маці Божай Будслаўскай для нашай Бацькаўшчыны.
Тым, хто стане ўдзельнікам духоўнай пілігрымкі, трэба будзе на працягу чатырох дзён (менавіта столькі доўжыцца нарачанская пілігрымка) — 29, 30 чэрвеня, 1 і 2 ліпеня — а 15-й гадзіне маліцца Вяночак да Божай міласэрнасці ў агульнай інтэнцыі пілігрымкі і ў сваіх уласных інтэнцыях, робячы на працягу гэтых дзён учынкі міласэрнасці.
Кожны дзень на сайце нарачанскай парафіі Naracz.by будуць змяшчацца канферэнцыі і разважанні Крыжовага шляху, прысвечаныя асобе святога Яна Паўла ІІ, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у гэтым годзе, так што кожны пілігрым будзе мець магчымасць іх прачытаць і паразважаць над тым, якім прыгожым і змястоўным можа быць жыццё чалавека, калі ён злучыць яго з Божай воляй адносна сябе.
- Падаць інтэнцыю. Пілігрымы маюць магчымасць запісаць свае інтэнцыі, якія 2 ліпеня будуць прынесены да трона Маці Божай Будслаўскай прадстаўнікамі нарачанскай духоўнай пілігрымкі. Інтэнцыі запісваюць ТУТ>>>
- Запісацца ў пілігрымку. Для запісу ў 25-ю юбілейную пілігрымку Нарач–Будслаў неабходна анлайн запоўніць фармуляр ТУТ>>>
Для чаго вядзецца запіс у духоўную пілігрымку? Гэта робіцца для таго, паказаць, што ў гэты складаны час мы па-ранейшаму аддаем сябе, свае сем’і, родных, блізкіх, сяброў і ўсю Беларусь у апеку Маці Божай Будслаўскай, а Яна яднае сваіх дзяцей, каб атуліць іх плашчом сваёй апекі.
Запіс — гэта таксама магчымасць прачытаць і ўспомніць імёны і прозвішчы тых, хто за 25 нарачанскіх пілігрымак стаў нам блізкім і родным.
«Мы разам, нас многа, ідзем да Маці Бога!»
Арганізатары заахвочваюць моладзь Мядзельскага дэканата, дзяцей, людзей старэйшага пакалення, якія па стане здароўя не маглі ісці пешшу ў Будслаў, усіх людзей добрай волі з іншых парафій Беларусі, якія ў розныя гады ішлі ў Будслаў з Нарачы, абавязкова далучыцца да сёлетняй духоўнай пілігрымкі, каб, ушаноўваючы Марыю ў цудадзейным будслаўскім абразе, усе знайшлі дарогу да яе Сына.
Акрамя таго, у межах духоўнай пілігрымкі на сайце нарачанскай парафіі праводзіцца фотаконкурс «Нарачанскія пілігрымы», дзе будуць змешчаны фотаздымкі ўдзельнікаў пілігрымкі Нарач–Будслаў мінулых гадоў.
«Так што ўжо пачынайце пераглядаць свае фотаархівы, каб даслаць нам крэатыўныя фотаздымкі сябе і сваіх сяброў і адначасова ўспомніць: „І нават калі нас дождж напаткае (да гэтага часу дождж здаваўся самай страшнай бядой), ні кроку назад: Марыя чакае!“», — запрашаюць арганізатары.
Дасылаць здымкі можна на электронную пошту: naracz@tut.by