7 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах адбылася адпустовая ўрачыстасць. Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Як паведамляе Grodnensis.by, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета не было натоўпаў вернікаў, якія кожны год наведваюць у гэты дзень неагатычную святыню, што называюць за яе прыгажосць «беларускім Нотр-Дамам».
У Імшы ўдзельнічалі святары з Астравецкага дэканату.
Падчас Эўхарыстыі сабраныя маліліся ў інтэнцыі парафіі і яе гасцей, а таксама аб спыненні эпідэміі ў нашай краіне і ўсім свеце.
Прысутных у святыні ўдзельнікаў літургіі, а таксама тых, хто далучыўся да яе праз сродкі масавай інфармацыі, прывітаў пробашч парафіі кс. Эліяс Маркаўскас. Ён падкрэсліў, што ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы для гервяцкай парафіі — выключны дзень, дзень аднаўлення веры ў Бога ў Тройцы Адзінага.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі адзначыў, што гэтая ўрачыстасць — нагода задумацца над адной з найвялікшых таямніц нашай веры, бо мы праслаўляем Адзінага Бога ў Трох Асобах: Айца, Сына і Духа.
Іерарх дадаў, што ў гэты дзень, калі праслаўляем Адзінага Бога, то праслаўляем любоў, якой з’яўляецца сам Бог.
Таму ён зaклікаў, каб «нашыя рукі былі напоўнены добрымі ўчынкамі, а сэрцы напоўнены верай, адданнем міласэрнаму Пану».
На заканчэнне гаміліі біскуп пажадаў усім моцнай веры, надзеі i даверу Богу.